У Віцебску пасля вайны і пазнаёміліся ды пабраліся шлюбам ягоныя бацькі, прычым для бацькі, Ханона Хамайды, гэта было ўжо другая сям’я – першую расстралялі фашыстоўскія карнікі. Гэта цяжкія ўспаміны пра лёсы бацькоў, але толькі ў Віцебску ён пачувае сябе дома, хаця падарожнічаць у жыцці давялося нямала, кажа Барыс Хамайда. На вайсковую службу, прыкладам, ён трапіў у Вільню, і ўжо тады, па ягоных словах, адчуў «беларускасць» гэтага горада.
Набыўшы юрыдычную вышэйшую адукацыю, спадар Барыс некалькі год адпрацаваў у розных дзяржаўных установах. А напрыканцы 1980-х гадоў паехаў у Цюмень, як тады казалі, «за доўгім рублём». Прывёз адтуль 7 тысяч рублёў, і на 2 тысячы паспеў зарэгістраваць газету «Выбор», астатнія «згарэлі» падчас грашовай рэформы. 1990-я гады сталі вызначальнымі ў лёсе краіны і ў асабістым лёсе Барыса Хамайды.
« Я даўно марыў пра незалежную газету, яшчэ да «перабудовы». А тут 1989 год, і Беларускі Народны Фронт у Віцебску заснаваў Клуб «За дэмакратычныя выбары». Вядома, я быў у тым клубе, бо быў неабыякавы да палітыкі. І тады мая мара пра газету пачала набываць нейкія формы. Зарэгістравалі мы яе ў 1990 годзе пад назвай «Выбар», – прыгадвае Барыс Ханонавіч.
Газета праіснавала нядоўга, бо мясцовыя ўлады зрабілі ўсё, каб зачыніць дэмакратычнае выданне. Некаторы час газета была паўпадпольнай, і Барыс Хамайда распаўсюджваў яе каля вядомага «сіняга дома», заснаваў уласную «выспу свабоды».
Гэтае месца ў цэнтры Віцебску спадар Барыс нагледзеў разам з сябрам і аднадумцам Уладзімірам Плешчанкам. З 1997 г. яны пачалі разам выходзіць сюды на пікеты, за якія абодвух неаднаразова арыштоўвалі і каралі. Калі ў 2006г. Уладзіміра Плешчанкі не стала, Барыс Хамайда прыцягваў гэтую традыцыю адзін – практычна штодня, апроч выходных, яго можна было ўбачыць тут пад бел-чырвона-белым парасонам. На працягу 25-ці гадоў ён не пакідае гэтага месца, і выходзіць да «сіняга дома» нават цяпер, калі ў яго канфіскавалі ўсё бел-чырвона-белую атрыбутыку і нават кнігі на беларускай мове, якія ён прапаноўваў мінакам.
«Я буду сюды выходзіць проста з раскладным крэслам, каб засведчыць той факт, што свабода ў Віцебску была і застаецца», – казаў нязломны Барыс Хамайда. І ў свае 75 ён выглядае бадзёрым і ўпэўненым у сваёй праўдзе, як і 1, – і 15, і 25 гадоў таму.
Рэдакцыя «Віцебскай Вясны» шчыра віншуе Барыса Ханонавіча Хамайду з юбілеем. Жадаем яму здароўя і паболей натхняльных падзеяў у жыцці, каб заставацца віцебскай легендай яшчэ для многіх пакаленняў!
Віцебская вясна