Міністар інфармацыі хоча ведаць, у прыватнасьці, найменьне юрыдычнай асобы (ўладальніка), або прозьвішча, імя, імя па бацьку фізычнай асобы (ўладальніка), а таксама юрыдычны адрас ці месца жыхарства.
Міністэрства паведамляе адрасату ліста, які пазначаны як «уладальнік інфармацыйнага рэсурсу» (бязь імя), што «ў адпаведнасьці з падпунктам 1.2 пункту 1 артыкулу 49 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу выносіцца пісьмовае папярэджаньне за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам».
Уладальніку сайту нагадваецца: «Апроч таго, згодна з пунктам 1 артыкулу 511 Закону аб СМІ па рашэньні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца абмежаваньне доступу да прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, якая распаўсюджваецца праз інфармацыйны рэсурс, разьмешчаны ў глябальным кампутарным сеціве Інтэрнэт, у выпадку:
– вынясеньня ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу на працягу году двух або больш пісьмовых папярэджаньняў;
– невыкананьня ўладальнікам інфармацыйнага рэсурсу законнага патрабаваньня дзяржаўнага органу аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі;
– распаўсюду праз інфармацыйны рэсурс інфармацыйных паведамленьняў і (або) матэрыялаў, забароненых ці абмежаваных да распаўсюду ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэньнямі суду, што набылі законную моц».
Паводле інфармацыі, зьмешчанай на «Свабодным рэгіёне», вакол сайту аб’ядналіся «ўсе здаровыя сілы Полацкага рэгіёну», прыхільнікі стварэньня грамадзкага аб’яднаньня «Свабодны рэгіён».
Сайт «Свабодны рэгіён» публікуе матэрыялы, часам кантравэрсійныя, датычныя да жыцьця як полацкага рэгіёну, так і краіны ў цэлым. Сярод пастаянных аўтараў публікацыяў сайту незалежны журналіст Уладзімер Жыгулоў, грамадзкі актывіст зь Віцебску Пётар Іваноў, вядомы віцебскі лекар-«праўдаруб» Ігар Пастноў, старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў, аршанскі актывіст і журналіст Алесь Шутаў.