Віцебскі праваабаронца прапанаваў парлямэнту і міністэрству выступіць ініцыятарамі распрацоўкі Закону Рэспублікі Беларусь, які б рэгуляваў працоўную дзейнасьць грамадзян краіны, што займаюцца аказаньнем фрылянс-паслуг.
У сваім звароце ў дзяржаўныя органы ён адзначыў, што, паводле дадзеных Бюро працоўнай статыстыкі Дэпартамэнту працы ЗША за 2005 год, каля 10,3 мільёну работнікаў у ЗША зьяўляюцца незалежнымі падрадчыкамі (фрылянсэрамі), фрылянсэры складаюць 7,4% працоўнай сілы ЗША.
Фрылянства як спосаб самастойнага працаўладкаваньня не абмінуў і нашу краіну. Аднак дагэтуль не вядома, колькі беларусаў займаецца такога кшталту працоўнай дзейнасьцю. Але калі зыходзіць з рэклямных прапановаў фрылянсэраў, то такіх у Беларусі можна налічыць дзясяткі тысяч чалавек.
Як і паўсюль у сьвеце, у Беларусі фрылянс распаўсюджаны сярод журналістаў, фатографаў, юрыстаў і адвакатаў, мастакоў, архітэктараў і дызайнэраў, праграмістаў, аптымізатараў, капірайтэраў, перакладчыкаў, удзельнікаў партнэрскіх праграм, інжынэраў-праекціроўшчыкаў, будаўнікоў і прадстаўнікоў шэрагу іншых прафэсіяў.
Беларускія ўлады ўскосна прызнаюць наяўнасьць такой катэгорыі работнікаў – фрылянсэраў, але залічаюць іх да так званых сацыяльных утрыманцаў ( «дармаедаў»). Тым самым беларуская дзяржава выводзіць значную частку працоўных жыхароў краіны з прававога поля, пазбаўляе іх магчымасьці легальна рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права на працу.
Адсутнасьць у Беларусі закону, які б рэгуляваў правы і абавязкі асоб, якія аказваюць фрылянс-паслугі, наносіць значную эканамічную шкоду дзяржаве. Апроч таго, гэтая акалічнасьць выводзіць фрылянсэраў з катэгорыі падаткаплацельшчыкаў, заганяе іх у працоўнае гета, вымушае шукаць магчымасьці абыходзіць законы, спараджае страх і недавер да дзяржавы як нацыянальнага інстытуту, які праз стварэньне нарматыўна-прававых актаў павінен спрыяць вольнаму, гарманічнаму і годнаму разьвіцьцю грамадзян краіны.
Прыкладам, фрылянсэры, якія займаюцца журналістыкай, значна прайграюць сваім калегам, якія працуюць на афіцыйна зарэгістраваныя СМІ. Ажыцьцяўляючы сваю прафэсійную дзейнасьць, свабодныя журналісты ня могуць атрымаць акрэдытацыю пры органах дзяржаўнай улады, ім адмаўляюць у праве працаваць на афіцыйных мерапрыемствах, на іх не распаўсюджваецца дзеяньне закону аб сродках масавай інфармацыі. А журналісты, якія працуюць на замежныя выданьні і рэдакцыі, наогул лічацца парушальнікамі дзейнага заканадаўства і падвяргаюцца судамі велізарным штрафам.
Такім чынам, сьцьвярджае праваабаронца Леанід Сьвецік, у дачыненьні да фрылянсэраў, якія працуюць у журналістыцы, мае месца дыскрымінацыя па прыкмеце наяўнасьці афіцыйнага месца працы ці працы на замежныя СМІ.
Такое становішча не дапушчальнае, бо на практыцы абмяжоўваецца права незалежных журналістаў на доступ да інфармацыі, што спрычыняецца да парушэньня права на ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і да апасродкаванага абмежаваньня права грамадзян на атрыманьне поўнай незалежнай і аб'ектыўнай інфармацыі.
Падобныя праблемы зазнаюць і фрылянсэры, якія працуюць у іншых сфэрах працоўнай дзейнасьці, адзначыў Леанід Сьвецік у сваім звароце ва ўладныя органы дзяржавы.
Чальцы Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаньнях адмовіліся ад распрацоўкі і прыняцьця закону, які б рэгуляваў пытаньні аказаньня фрылянс-паслуг, як тое прапанаваў праваабаронца. Для рэалізацыі праваадносін, на думку заканадаўцаў, дастаткова дзейнага Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Парлямэнтары ўпэўненыя, што фрылянства, у крайнім выпадку, можа ажыцьцяўляцца ў рамках грамадзянска-прававых дамоваў.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы прапанову праваабаронцы, таксама ня ўбачыла неабходнасьці распрацоўваць і прымаць адмысловы закон краіны, які б рэгуляваў дзейнасьць грамадзян, што займаюцца аказаньнем фрылянс-паслугаў.
У міністэрстве мяркуюць, што заканадаўства аб працы Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасьць арганізаваць грамадзянам сваю працу па-за памяшканьнямі наймальніка з захаваньнем усіх прадугледжаных сацыяльных гарантыяў. Гэтая магчымасьць, паводле сьцьверджаньня чыноўнікаў, рэгулюецца разьдзелам 25 Працоўнага кодэксу, дзе рэглямэнтаваныя пытаньні арганізацыі працы работнікаў-надомнікаў.
У выпадках, калі замежныя працадаўцы заключаюць дамову з фрылянсэрам, яны не абавязаныя кіравацца патрабаваньнямі ПК. У гэтым выпадку, лічаць у міністэрстве, адносіны, якія складваюцца ў галіне фрылянсу, падпадаюць пад грамадзянска-прававыя.
Калі кандыдатам на заняцьце фрылянсам не падабаюцца два названыя спосабы працаўладкаваньня – існуе і трэці: на думку чыноўнікаў, дзейнасьць фрылянсэраў можна прыкрыць прадпрымальніцтвам.
Аднак Леанід Сьвецік мяркуе, што прапанаваныя чыноўнікамі варыянты ня ў поўнай меры ўлічваюць спэцыфіку дзейнасьці грамадзян, якія займаюцца фрылянсам. На думку праваабаронцы, адмыслова прыняты прававы акт прывёў бы ў законную форму дзейнасьць фрылянсэраў і дапамог бы значнай групе беларускіх грамадзян здабыць правы і абавязкі, стаць паўнавартаснымі і законапаслухмянымі членамі грамадзтва.
Лявон Яфрэменка