На ўскраіне Полацку, у Бельчыцы, памятны крыж усталяваны 26 гадоў таму на месцы пазасудовых расстрэлаў мірных грамадзян падчас сталінскіх рэпрэсіяў трыццатых гадоў.
Ужо традыцыйна на Дзяды на гэтым месцы адбываецца грэка-каталіцкія набажэнства ў памяць усіх бязьвінна загінулых. Сёлета вернікі з Полацкай грэка-каталіцкай парафіі разам з айцом Аляксандрам правялі кароткую памінальную службу, прагучала малітва за Беларусь і вядомы гімн «Магутны Божа».
Удзельнікі імпрэзы адзначылі, што з кожным годам усё больш адкрываецца інфармацыі пра ахвяраў пазасудовых расстрэлаў беларусаў злачыннымі рэпрэсіўнымі сілавымі структурамі, што дзейнічалі пад прыкрыцьцём уладаў БССР у 30-х гадох.
Сёлета гэткае ж набажэнства было праведзенае і каля памятнага крыжа ў вёсцы Струньне. У 1997 годзе гэты крыж усталявалі на месцы разбуранай рэзыдэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў і хрысьціянскага храму. У трыццатым годзе мінулага стагодзьдзя многія сяляне вёскі Струньне былі рэпрэсаваныя за антысавецкую дзейнасьць, бо не захацелі ўступаць у калгасы.
Такіх сялян арыштоўвалі і пазасудовыя органы, так званыя «адмысловыя нарады», і асуджалі іх да высылкі ў папраўча-працоўныя лягеры. У такіх канцлягерах людзі практычна не выжывалі – гэтая высылка была раўнасільная вышэйшай меры пакараньня, толькі расьцягнутай у часе. Многія грамадзяне дагэтуль шукаюць сваіх сваякоў, рэпрэсаваных і зьніклых у той час.
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-sumlennja/item/2054-u-polatsku-pamalilisya-za-byazvinna-zaginulykh#sigProId96f495a2b7
Аляксандар Марозаў