Сьвятар, гаворачы пра гісторыю разбуранай сьвятыні, адзначыў: “Касьцёл Сьвятога Антонія ў Віцебску – адзін з найстарэйшых касьцёлаў (яго ўзьвядзеньне пачалося ў 1676 годзе), што быў захаваны яшчэ ў XX стагодзьдзі. Ён вытрымаў вельмі шмат. Гісторыя гэтай сьвятыні трагічная. Яна перажыла Першую сусьветную вайну, Другую сусьветную вайну. Была вельмі пашкоджаная, але выстаяла. Аднак не перажыла бальшавіцкай навалы. Камуністы, будуючы новы сьвет, новы Віцебск, руйнавалі старыя сьвятыні”.
“Дзякуй Богу, усё вяртаецца на свае месцы. І цяпер робяцца канкрэтныя крокі дзеля таго, каб адбудаваць касьцёл Сьвятога Антонія. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што заўсёды ў сэрцы вернікаў было жаданьне аднаўляць сьвятыню. Людзі ўпэўненыя, што гэта ня толькі гістарычны будынак, але таксама знак Божай прысутнасьці”, – распавёў ксёндз Вячаслаў Барок.
Сьвятар перакананы: “Хто зьнішчыць сьвятыню, таго зьнішчыць Бог. А хто адбудуе сьвятыню Божую, атрымае блаславенства”.
“Адбудоўваючы касьцёл, мы зьдзейсьнім годны плод пакаяньня ў грахох мінулага стагодзьдзя і перапросім Бога за грахі сваіх продкаў, якія руйнавалі сьвятыню. Гэта будзе сымбалем новага жыцьця, згоднага з Божай воляй”, – спадзяецца пробашч парафіі Сьвятога Антонія.
Ксёндз Вячаслаў дадаў таксама, што ініцыятарам адбудовы касьцёла Сьвятога Антонія выступае аднайменная парафія, дзе, яшчэ будучы сьвятаром, працаваў біскуп Алег Буткевіч. Сьвятар выказаў падзяку ўладам, што яны разумеюць патрэбу ў адбудове касьцёла ў Віцебску і дапамагаюць у гэтай справе.
Ірына Радзевіч, catholicnews.by
Фота: Барбара Церашкова, news.vicebsk.cc