Стараверская грамада ўспрыняла аднаўленьне працы храму ў Германавічах як сапраўднае сьвята – на першае набажэнства прыбылі старшыня Духоўнай Камісіі старавераў-паморцаў у Рэспубліцы Беларусь Пётар Ермалаевіч Дзяменцьеў, адказны сакратар Цэнтральнай Рады старавераў-паморцаў у Рэспубліцы Беларусь Іван Міхайлавіч Сафронаў, духоўны настаўнік Полацкай паморскай абшчыны Пётар Аляксандравіч Арлоў. Ад імя раённай выканаўчай улады сьвятароў, гасьцей і парафіян з адкрыцьцём Сьвята-Ўсьпенскай царквы павіншавалі начальніца аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Людміла Ўладзімераўна Стома і старшыня Германавіцкага сельскага Савету дэпутатаў Мая Яўгенаўна Якімовіч.
У найбліжэйшых плянах у вернікаў – правядзеньне неабходных аднаўленчых і рамонтных работ у храме. Сама ж старадаўняя драўляная царква, пабудаваная яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя, належыць да ліку аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, пра што сьведчыць адпаведны знак на храме.
Пасьля правядзеньня першай службы чын асьвячэньня завяршыўся хросным ходам вакол Сьвята-Ўсьпенскага храму. З дапамогай старшыні Духоўнай Камісіі старавераў-паморцаў і іншых запрошаных гасьцей былі абраныя Царкоўная Рада храму ў складзе 5 чалавек, старшыня Царкоўнай Рады і духоўны настаўнік, які і будзе праводзіць службу ў храме. На Радзе абшчыны духоўным настаўнікам Сьвята-Ўсьпенскага стараверскага храму ў Германавічах абраны Пётар Іванавіч Баравік. Старшынём нанова адкрытага храму стаў Якаў Васільевіч Кірсанаў.
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-sumlennja/item/2605-u-germanavichakh-adnavilisya-nabazhenstvy-u-staraverskaj-tsarkve#sigProId157a9f536d
Вольга Чарняўская, klich.by