Цягам трох дзён, з 23 па 25 сьнежня, у сьценах Першай Віцебскай царквы хрысьціянаў адвэнтыстаў сёмага дня, што месьціцца на вуліцы Грыбаедава, праходзілі «Калядныя вечарыны». Такім спосабам вернікі гэтай пратэстанцкай канфэсіі скарысталіся з папулярнага сярод людзей сьвята, каб данесьці да іх эвангельскую вестку.
Кожная сустрэча была пазначаная уласнай назвай:
23 сьнежня – «Што здарылася на Раство?»
24 сьнежня – «Што тоіць гісторыя Раства?»
25 сьнежня – «Як адказаць на Раство?»
У распараджэньні Віцебскай царквы хрысьціянаў адвэнтыстаў сёмага дня ёсьць тры будынкі ў розных раёнах гораду. Сама ж грамада вядзе сваю гісторыю ад савецкіх часоў. Адвэнтызм ёсьць пратэстанцкай дэнамінацыяй, якая ўзьнікла ў 19 стагодзьдзі. На цяперашні момант мае звыш 20 мільёнаў пасьлядоўнікаў у 72 краінах сьвету.
На сустрэчу 25 сьнежня прыйшлі ня толькі самі вернікі, але і некалькі чалавек, якія не вызнаюць гэтую рэлігію, але якім было цікава папрысутнічаць на імпрэзе. Цягам гадзіны, а менавіта столькі працягвалася «Калядная вечарына», перад людзьмі выступіла трое прамоўцаў. Акрамя таго, перад кожным выступам і напрыканцы сустрэчы гучалі песьні ў выкананьні царкоўнага хору. Добрая музыка і прыгожыя галасы надавалі падзеі дадатковую ўрачыстасьць і стваралі сьвяточны настрой.
Асноўную частку ўрачыстасьці заняла казань пастара Яўгена Герасімава, які мае ступень доктара практычнага багаслоўя, а таксама магістра мастацтваў у галіне рэлігіі. Да Віцебску ён служыў у суполках Воршы і Полацку, а таксама ў расейскім горадзе Варонежы. У сваім пасланьні ён спрабаваў данесьці прысутным думку пра важнасьць хрысьціянскай веры і тыя каштоўнасьці, якія яна нясе, цытаваў Біблію, зьвяртаўся да падзеяў з жыцьця Хрыста.
Людзям было прыемна знаходзіцца на імпрэзе. Яны выпраменьвалі ўсьмешкі і дзяліліся сьвяточным настроем. Сустрэча завяршылася сьвяточным чаяваньнем.
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-sumlennja/item/2611-adventysty-raspavyali-vitsebchukam-pra-kalyady#sigProIda30f08045e
Уладзімер Бяляўскі