“Нават краёчкам не закранаем палітыкі”
Пратэстанцкая сям’я Фокіных ужо шмат гадоў займаецца ў Лепелі бібліятэчным служэньнем. Па суботах Андрэй Фокін, ягоная жонка і сын выходзяць на гарадзкі рынак, прапануюць мінакам хрысьціянскую літаратуру, сьпяваюць. У тэлефоннай размове з карэспандэнтам “Віцебскай вясны” Андрэй сьцьвердзіў, што “нават краёчкам не закранаюць палітыкі і ня лезуць туды”.
Расказвае, што прапаведуе такім чынам ужо цягам 16 гадоў, але раней асаблівых праблем не было.
“І тут раптам мы зрабіліся злачынцамі. Улады проста знайшлі зачэпку і зь нейкага моманту сталі паводзіць сябе ў адносінах да нас, як колішнія савецкія ўлады, калі на ўвесь сьвет крычалі пра свабоду веравызнаньня ў СССР, а насамрэч кідалі вернікаў у вязьніцы. Але ж мы не самазванцы якія! Мы маем вялізны досьвед процістаяньня і адстойваньня сваіх перакананьняў. Таму мы як выходзілі прапаведаваць, так і будзем выходзіць”, – гаворыць Андрэй.
“Проста неназольна прапануем кнігі і сьпяваем песьні хрысьціянскія. Ну калі ў нас ужо сьпяваць забаронена, то, можа, неўзабаве нам і дыхаць забароняць?..” – дадае вернік.
“Пропаведзь аб Ісусе Хрысьце і масавае мерапрыемства – розныя рэчы”
Выплачваць адміністрацыйныя штрафы баптысты таксама не зьбіраюцца, бо ня лічаць сябе вінаватымі. Агульная сума штрафаў сягае ўжо некалькі тысяч даляраў. Апошні штраф у памеры 20 базавых велічынь раённы суд прысудзіў баптыстам у мінулую сераду (13 сьнежня).
Хроніка апошніх падзей у Лепелі падаецца ў прэс-рэлізе аддзелу заступніцтва МСЦ ЕХБ. Там жа цытуецца заява, якую пратэстанты накіравалі ў Віцебскі абласны суд з просьбай аб скасаваньні рашэньняў Лепельскага раённага суду і аб спыненьні перасьледу.
“Мы зьяўляемся законапаслухмянымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, але, калі законы прыціскаюць нашае сумленьне, мы маем права не прытрымлівацца гэтых законаў. Пропаведзь аб Ісусе Хрысьце і масавае мерапрыемства ня маюць нічога агульнага…” – гаворыцца ў звароце.
“Можа, прынізіць нас хочуць?..”
Пра затрыманьні (апошнія – з ужываньнем фізычнага гвалту) хрысьціян-баптыстаў у Лепелі піша ўжо прэса Нарвэгіі, Нямеччыны і ЗША.
Андрэй Фокін расказвае, што адчувае моцную падтрымку ад братоў і сясьцёр у Хрысьце з усяго сьвету. Гаворыць, што на суды прыяжджаюць вернікі з Брэсту і Менску, іншых гарадоў. Заля судовых паседжаньняў заўсёды цалкам запоўненая. Падтрымку баптыстам выказалі таксама каталікі Віцебскай дыяцэзіі ў асобе біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Але напружанасьць не спадае. Улады працягваюць караць прапаведнікаў штрафамі.
На думку Андрэя Фокіна, такія жорсткія дзеяньні ўладаў абумоўленыя стаўленьнем да баптыстаў “выключна адной асобы ў райвыканкаме”: “Можа прынізіць нас хоча як сям’ю і як вернікаў. Можа, таму, што мы не праваслаўныя, а іншай, як яны кажуць, дэнамінацыі?”
“Рэгістрацыя для нас непрымальная”
Між тым, у аддзеле ідэалёгіі Лепельскага райвыканкаму спасылаюцца на тое, што гэтая суполка ня мае дзяржрэгістрацыі і таму, выходзячы прапаведаваць, парушае закон. Да таго ж на іх нібыта скардзяцца вернікі іншых канфэсій.
Андрэй Фокін тлумачыць, у сваю чаргу, што брацтвы саюзу цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў сьвядома адмаўляліся ад рэгістрацыі яшчэ з часоў Хрушчова (у Савецкім Саюзе іх называлі баптыстамі-раскольнікамі). Паводле Фокіна, у патрабаваньнях уладаў пры рэгістрацыі ёсьць непрымальныя ўмовы.
“Калі ў гэтых патрабаваньнях ёсьць пункты, якія супярэчаць Сьвяшчэннаму Пісаньню, то мы проста ня можам гэта рабіць. Паводле сумленьня. Разумееце? Мы законапаслухмяныя грамадзяне, выплачваем падаткі, не крадзем і не заклікаем да экстрэмізму, але калі штось тычыцца нашых перакананьняў у веры, то тут мы стаім цьвёрда. Заўжды стаялі і будзем стаяць. Мы гатовыя рэгістравацца, але калі там ня будзе непрымальных умоваў”, – тлумачыць вернік.
“Няправільна гэта і перад Богам і перад людзьмі”
Адным з такіх непрымальных пунктаў, як мяркуе Фокін, зьяўляецца адказнасьць за ўцягваньне ў рэлігійныя арганізацыі дзяцей.
“Табе забараняюць, напрыклад, вадзіць на малітоўныя сходы дзяцей, як гэта было ў часы Саюзу. А ў Бібліі ж сказана: “адпусьціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне”. І як я магу парушыць Божы наказ? Бог – заканадаўца ўсіх законаў”, – сьцьвярджае Андрэй Фокін.
Паводле ягоных словаў, улады, якія затрымліваюць людзей, што нясуць іншым людзям мір і Божую ласку, выконваюць свае функцыі не належным чынам.
“Мы спакойна стаім і не парушаем ніякага парадку – і нас затрымліваюць, а злачынцы ў той жа час гуляюць на свабодзе. Няправільна гэта і перад Богам і перад людзьмі, грамадзтвам”, – гаворыць вернік.
Зьміцер Міраш