Стаць сябрамі камісіі прэтэндавалі 17 чалавек.
Было высьветлена, што два кандыдаты падрыхтавалі пакеты дакумэнтаў з парушэньнем патрабаваньняў выбарчага закону. Парушэньне тычылася таго, што подпісы грамадзянаў у падпісных аркушах былі сабраныя раней за дату публікацыі ўказу прэзыдэнта пра прызначэньне выбараў. Менавіта з гэтай прычыны двое выпалі са сьпісу прэтэндэнтаў на ўключэньне ў гарадзкую выбарчую камісію.
Кандыдатуры 15-ці чалавек, што засталіся, на паседжаньні былі падвергнутыя індывідуальнаму разгляду з пункту гледжаньня гатоўнасьці выконваць грамадзкія абавязкі сябраў выбарчай камісіі. А менавіта: былі зачытаныя прысутным кароткія біяграфічныя дадзеныя, прафэсійныя дасягненьні і асабістыя якасьці, паводле якіх чыноўнікі ад выканаўчай і заканадаўчай улады ацэньвалі здольнасьць кандыдатаў эфэктыўна сфармаваць дэпутацкі корпус Віцебску.
Скажу адразу, усё прайшло без сэнсацыяў. У камісію ўвайшлі 13 чалавек, якія зьяўляюцца перш за ўсё чыноўнікамі і дзяржслужбоўцамі, работнікамі дзяржаўных установаў і арганізацыяў. Каб выканаць фармальнае патрабаваньне выбарчага закону, яны былі вылучаныя ад групаў грамадзянаў, ад партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ды працоўных калектываў.
Сярод уключаных у камісіі ёсьць прадстаўнікі гарадзкіх прадзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў: Беларускага Рэспубліканскага саюзу моладзі, Беларускага саюзу жанчын, Беларускага грамадзкага аб'яднаньня вэтэранаў і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сярод чальцоў камісіі ёсьць прадстаўнік Беларускай партыі працы і справядлівасьці, якая заяўляе пра ўсямерную падтрымку дзеючага палітычнага рэжыму.
Прысутныя прадстаўнікі ўлады адкрытым галасаваньнем не ўключылі ў камісію прадстаўніка Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсінскі Камітэт» Паўла Левінава і прадстаўніка Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Анатоля Родзіка.
Адметай у параўнаньні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі можна назваць тую акалічнасьць, што сёлета ў фармаваньні гарадзкой камісіі не ўзялі ўдзел апазыцыйныя палітычныя партыі і рухі. Не падалі сваіх прадстаўнікоў у гарадзкую камісію партыі БНФ, АГП, БСДП, КХП БНФ, грамадзкія аб'яднаньні «Гавары праўду», Рух «За свабоду».
Як стала вядома, 23 лістапада ў будынку Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту адбудзецца арганізацыйнае паседжаньне Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня. Адкрыць яго і весьці да абраньня кіраўніцтва камісіі даручана намесьніку старшыні Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту Пятру Падгурскаму.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»