Адказчыкам у справе выступалі прэзыдыюм Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў і Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
Левінаў быў вылучаны ў сябры выбарчай камісіі групай грамадзян зь дзесяці чалавек. Усе матэрыялы, неабходныя для іх разгляду мясцовымі ўладамі, былі аформленыя правільна і адпавядалі ўсім патрабаваньням закону.
Апроч усяго іншага, да дакумэнтаў была далучаная характарыстыка ад беларускай праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі Камітэт», прадстаўніком якой у Віцебскім рэгіёне Павал зьяўляецца. У прыватнасьці, у характарыстыцы паведамлялася пра тое, што ён цягам некалькіх гадоў працаваў міжнародным назіральнікам за правядзеньнем выбараў у Грузіі, Украіне і Расеі.
У скарзе заяўнікі прапаноўвалі суду прыняць вэрдыкт, які б дазволіў перагледзець рашэньне віцебскіх уладаў у частцы неўключэньня Левінава ў склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Падстава для гэтага, на думку заяўнікаў, была. Бо ў гарадзкой выбарчай камісіі нейкім неверагодным чынам апынуліся людзі, якія зьяўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі, кіраўнікамі дзяржаўных арганізацыяў і ўстановаў, былыя чыноўнікі, якія працуюць кіраўнікамі ў дзяржаўных грамадзкіх арганізацыях.
«Гэтыя людзі, фармальна быўшы вылучанымі ў камісію партыямі і грамадзкімі аб'яднаньнямі, групамі грамадзян і працоўнымі калектывамі, фактычна зьяўляюцца ў выбарчай камісіі прадстаўнікамі дзяржавы. Гэтая акалічнасьць ёсьць парушэньнем патрабаваньняў выбарчага закону, і яно павінна быць ліквідаванае», – растлумачыў сваю пазыцыю падчас судовага паседжаньня Павал Левінаў.
Прадстаўнік уладаў не пагадзіўся з довадамі і патрабаваньнямі заяўнікаў і настойваў у судзе на тым, што з боку прэзыдыюму Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў і Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту працэдура адбору сябраў выбарчай камісіі адпавядала духу і літары закону.
Работнік гарадзкой пракуратуры, які прысутнічаў на судовым паседжаньні, ня выявіў парушэньняў у фармаваньні гарадзкой ВК і не падтрымаў пазову грамадзян.
Заслухаўшы бакі, судзьдзя Вікторыя Лешчанка прыйшла да высновы, што неўключэньне грамадзянскага актывіста Паўла Левінава грунтуецца на законе, і адмовіла ў задавальненьні заяўленых у скарзе патрабаваньняў.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»