Першая ініцыятыўная група колькасьцю дзевяць чалавек будзе зьбіраць подпісы па Чкалаўскай выбарчай акрузе №9. Чальцы гэтай групы будуць зьбіраць подпісы на карысьць Тацяны Трушанінай, дырэктаркі Віцебскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу машынабудаваньня імя М. Ф. Шмырова.
Другая група зь дзесяці чалавек мае намер сабраць неабходную колькасьць подпісаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты па Авіяцыйнай выбарчай акрузе №13 галоўнага лекара ўстановы аховы здароўя «Віцебскі абласны клінічны шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі» Сяргея Лазара.
Варта адзначыць, што Т. Трушаніна і С. Лазар не зьяўляюцца дэпутатамі Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў, які дзейнічае ў цяперашні час.
На жаль, не ўдалося высьветліць, ці зьяўляюцца сябры ініцыятыўных групаў падначаленымі будучых кандыдатаў у дэпутаты па месцы працы, а таксама ці добраахвотна яны ўвайшлі ў ініцыятыўную групу.
Даведачна. Паводле дзейнага выбарчага закону, каб стаць кандыдатам, неабходна сабраць сама меней 75 сапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, якія пражываюць у межах выбарчай акругі. У лютым 2018 году ў Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў павінна быць абрана 40 дэпутатаў.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»