У Віцебску ўчастак месьціўся ў гарадзкім цэнтры культуры, што на вуліцы Маякоўскага. У гэтым месцы ўжо традыцыйна знаходзіцца выбарчы ўчастак ва ўсіх электаральных кампаніях у краіне.
Прагаласаваць грамадзяне Расеі маглі цягам усяго нядзельнага дня з 8:00 да 20:00 гадзін.
На час прыходу карэспандэнта «Віцебскай Вясны» на ўчастку назіраўся павышаны ажыятаж. Ахвотных аддаць свой голас было так шмат, што чарга да сталоў участковай камісіі расьцягнулася на шмат мэтраў, нават не зьмяшчалася ў будынку цэнтру культуры і выходзіла на вуліцу. Прычым цягам цэлай гадзіны, пакуль карэспандэнт быў там – з 14:00 да 15:00 – чарга не памяншалася. Як толькі частка людзей заходзіла ў будынак, тут жа зьяўляліся новыя. Такая карціна была вельмі незвычайная для беларускіх выбараў. Нават выпадковыя мінакі зьвярталі ўвагу на незвычайны натоўп людзей ля ўваходу ў будынак.
Камісія была цалкам укамплектаваная з грамадзянаў Расеі – працаўнікоў дыпляматычнага прадстаўніцтва і іншых чыноўнікаў. Назіральнікаў, якія б сачылі за сумленнасьцю выбараў, не было заўважна. За парадкам сачыў беларускі міліцыянт, дык што расейскіх паліцэйскіх не давялося камандзіраваць. Падумалі арганізатары і пра камфорт выбаршчыкаў – на ўчастку працавала невялікае кафэ. Праўда ў адрозьненьне ад нашых выбараў, сьпіртных напояў не прадавалі. Чым некаторыя расейцы і абураліся. Маўляў, выпіць нават нельга.
Прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду суседняй краіны было ажно 8 чалавек. Так што было з каго выбіраць. І некаторыя выбаршчыкі, перш чым паставіць свой подпіс у бюлетэні, падыходзілі да інфармацыйных стэндаў і зь цікавасьцю вывучалі біяграфіі палітыкаў. Але каму расейцы, што галасавалі ў Віцебску, аддалі перавагі? Гэтае пытаньне зацікавіла і карэспандэнта, і ён вырашыў пагаманіць на гэтую тэму зь некаторымі людзьмі.
Частка зь іх адмаўлялася паведаміць пра зроблены выбар. А сярод тых, хто не пабаяўся адказаць, большасьць выявіліся прыхільнікамі дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Адна пажылая дама на пытаньне, за каго прагаласавала, тут жа з гонарам адказала:
– Вядома, за Пуціна. Мы з дачкой прагаласавалі за Пуціна.
– А чаму за Пуціна? – удакладніў карэспандэнт.
– А больш няма за каго, – адказала яна.
Выглядае, у Расеі, як і ў Беларусі, на прэзыдэнцкіх выбарах людзі толкам ня ведаюць, за каго галасаваць. Моцных кандыдатаў не пускаюць, а з тых што ёсьць, годных не назіраецца. Але, тым ня менш, у многіх людзей, якія прыйшлі на ўчастак, быў радасны і сьвяточны настрой. Шмат хто рабілі сэлфі і прасілі сваіх знаёмых сфатаграфаваць іх у момант апусканьня бюлетэня. Настрой у іх быў нашмат лепшы, чымся ў беларускіх выбаршчыкаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў. У чым прычына – у большым даверы да выбарчых працэдур або ў больш станоўчым стаўленьні да кандыдатаў – сказаць складана. А мо візыт на выбарчы ўчастак для расейцаў стаў проста добрай нагодай сустрэцца з суайчыньнікамі.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/2713-yak-u-vitsebsku-vybirali-prezydenta-rasei#sigProId2115683820
Уладзімер Бяляўскі