Спадар Петрушэнка ня стаў доўга разглядаць карцінкі на зьнешнім баку паштоўкі – яго больш зацікавіў адваротны бок:
«Артыкул 45 Выбарчага кодэксу тлумачыць, што друкаваная прадукцыя павінна ўтрымліваць „назву і адрас арганізацыі (індывідуальнага прадпрымальніка), якая вырабіла агітацыйныя матэрыялы, нумар пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі вырабніка друкаваных выданьняў і дату яго выдачы, наклад і нумар замовы, прозьвішча і ініцыялы замоўніка“. На гэтай паштоўцы мы бачым дробныя літаркі і лічбы, зь якіх зразумела хіба толькі адно – што наклад паштовак 2,5 мільёна. Дзе ўсё астатняе?»
З гэтым пытаньнем сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» накіраваўся ў Талачынскую раённую выбарчую камісію – бо ён жыхар Талачынскага раёну, і агітацыйная прадукцыя трапіла ў ягоную скрыню па месцы жыхарства.
«Я пакінуў заяву ў адмысловым журнале, каб раённая камісія дала ацэнку факту парушэньня выбарчага заканадаўства адным з кандыдатаў і праінфармавала пра гэта ЦВК. Заадно я ня мог не заўважыць камісіі, што там не адрэагавалі належным чынам на зьяўленьне на тэрыторыі раёну агітацыйнай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем заканадаўства. Чальцы ж камісіі таксама атрымалі такую паштоўку! Цяпер Талачынская раённая камісія мусіць разгледзець маю заяву і зрабіць адпаведныя захады», – кажа спадар Петрушэнка.
Праўда, ён сумняецца, што гэта будзе зроблена сёньня ж. Найхутчэй, ён мяркуе, заяву разгледзяць «ужо тады, калі будзе позна казаць пра сумленныя выбары».