Калектыўны партрэт прэтэндэнтаў
У акрузе балятуецца пяць кандыдатаў ад палітычных партый, адзін ад працоўнага калектыву і яшчэ адзін – ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў выбарцаў. Усе кандыдаты пражываюць у Віцебску.
Дэпутатамі прагнуць стаць тры кіраўнікі, адзін працоўны, сястра-сядзелка, якая даглядае інваліда першай групы, спэцыяліст па маркетынгу і рамесьнік.
Што да гендэрнага складу, сярод патэнцыйных дэпутатаў - тры жанчыны і чатыры мужчыны.
Падчас паседжаньня
І яшчэ маленькая дэталь, якая характарызуе магчымых дэпутатаў: усе яны выбралі плякаты на расейскай мове. Выключэньне – зарэгістраваны ад партыі “Беларускі народны фронт” Уладзімер Сіманковіч. Дарэчы, старшыня камісіі Сьвятлана Міхальчанка паабяцала, што зробіць усё ад яе залежнае, каб плякаты кандыдата ў дэпутаты Сіманковіча былі выраблены па-беларуску.
Чаго чакаць выбарцам
23 кастрычніка на канале тэлевізіі “Беларусь 3” ад 19.00 можна будзе глядзець і слухаць выступы кандыдатаў па Віцебскай Чыгуначнай акрузе. Таксама плянуюцца кароткія выступы кандыдатаў на радыё – трэба сачыць за анонсамі.
Кіраўніцтва камісіі прапанавала таксама правесьці дэбаты сярод кандыдатаў акругі, але ахвотных не знайшлося.
На паседжаньні 16 кастрычніка прысутнічалі карэспандэнты дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ, назіральнікі ад грамадзкіх арганізацый і прафсаюзаў, а таксама міжнародныя назіральнікі ад місіі СНД.
Леанід Свецік, назіральнік