Паводле рашэньня ўладаў, у камісіі з 16 прэтэндэнтаў былі прызначаныя 13 чалавек. Гэта максымальная колькасьць, дазволеная дзейным заканадаўствам. У склад камісіі ўвайшлі сябры палітычных партый, грамадзкіх аб'яднаньняў і груп выбарцаў.
Адметная асаблівасьць ўтворанай камісіі: у ёй ня будуць прадстаўленыя працоўныя калектывы, якія, па інфармацыі старшыні Віцебскага аблсавету Уладзімера Цярэнцьева, адмовіліся выстаўляць сваіх кандыдатаў з прычыны складанай эпідэміялягічнай сытуацыі ў рэгіёне.
Ня ўсе прадстаўнікі палітычных партый, якія вылучалі сваіх кандыдатаў у сябры ВАВК, будуць працаваць у ёй.
Падчас паседжаньня ў Віцебскім аблвыканкаме
За бортам, у прыватнасьці, апынуўся прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Філеня. Улады палічылі, што палітык не гатовы працаваць у камісіі, бо зрабіў памылкі ў падатковай дэклярацыі пры спробе стаць кандыдатам у дэпутаты парлямэнту ў 2019 годзе.
Іншыя апазыцыйныя партыі, якія традыцыйна змагаюцца за сяброўства ў камісіі, а менавіта Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і Абʼяднаная грамадзянская партыя, гэтым разам не вылучалі сваіх кандыдатаў у абласную выбарчую камісію.
Улады станоўча ацанілі колішнія заслугі ў падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў такіх абласных партыйных структур, як Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.
У склад уключылі кіраўніка абласной арганізацыі БНФ
Было нечаканасьцю, што ў лік сябраў ВАВК увайшоў абласны кіраўнік апазыцыйнай да дзейнага палітычнаму рэжыму Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.
Кастусь Смолікаў увайшоў у склад абласной камісіі
Але цалкам чакана было і тое, што ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі не ўключылі прадстаўніка Рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Паўла Левінава. Яшчэ падчас ягонай працы ў камісіі на нядаўніх выбарах дэпутатаў парлямэнту з боку кіраўніцтва акруговых камісій і ВАВК у дачыненьні Левінава выказваліся не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі, зьвязаныя зь яго эксцэнтрычнымі паводзінамі. Пры гэтым усе прызнавалі, што Павал Левінаў дасканала ведае выбарчае заканадаўства і ня можа мірыцца зь любымі парушэньнямі нормаў закону і права.
У склад ВАВК увайшлі прадстаўнікі сямі грамадзкіх абʼяднаньняў, якія ня маюць ускосных дачыненьняў да палітыкі, але па волі чыноўнікаў з аблвыканкаму і аблсавету атрымалі максымальнае прадстаўніцтва ў камісіях. Гэта прадстаўнікі РГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фонду Міру, прафэсійных саюзаў і арганізацый вэтэранаў.
У цэлым фармаваньне Віцебскай абласной выбарчай камісіі прайшло ў адпаведнасьці з патрабаваньнем дзейнага выбарчага кодэксу. Тым ня менш, прытрымліваньне фармальных патрабаваньняў закону дазволіла ўладам сфармаваць камісію з тых людзей, якія праз тры месяцы мусяць даць жаданы для іх электаральны вынік.
Першае паседжаньне выбарчай камісіі заплянаванае на 21 траўня.
Леанід Сьвецік
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.