Пракуратура Віцебску абвясьціла афіцыйнае папярэджаньне старшыню Віцебскай абласной выбарчай камісіі. На зварот праваабаронцы ў пракуратуру правялі праверку і выявілі факт парушэньня заканадаўства аб выбарах з боку старшыні Віцебскай абласной выбарчай камісіі Хомы Д.Л., «у сувязі з чым апошняму было абвешчанае папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня закону». Сам жа Павал Левінаў акрэдытаваўся ў назіральнікі нанова і працягвае сачыць за працай выбарчай камісіі…

Сярод прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці пануе аднадумства: сапраўдных выбараў у краіне няма. Тым ня менш большасьць палітычных партыяў і рухаў заявілі пра свой намер удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, якія адбудуцца 23 сакавіка. Інтэрнэт-газэта «Дыялёг» папрасіла вядомых у Віцебску апазыцыянэраў распавесьці пра тое, навошта яны ўдзельнічаюць у цяперашняй выбарчай кампаніі.

Лідзія Сагідуліна, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» па Віцебскай вобласьці, зьвярнулася да грамадзян з заклікам стаць кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Ахвотныя запрашаюцца далучыцца да каманды будучых кандыдатаў ад «Гавары праўду», якіх сёньня, паводле Лідзіі Сагідулінай, у рэгіёне ўжо некалькі дзясяткаў чалавек.

Група грамадзян, якая вылучала сябру Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава ў Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію, паспрабавала абскардзіць у судзе рашэньне Віцебскага аблвыканкаму і Прэзыдыюму Віцебскага абласнога савету дэпутатаў аб утварэньні камісіі. Безвынікова – судзьдзя Натальля Хількевіч пастанавіла, што парушэньняў пры фармаваньні абласной выбарчай камісіі не было.

Абласная газэта “Витебские вести” падвяла вынікі этапу фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. І паведаміла чытачам, што “на сёньняшні дзень актыўнасьць палітычных партыяў ледзьве заўважная”, бо з партыйцаў “у склад камісіяў увайшло 17 чалавек, або каля 1%, у тым ліку 13 сябраў КПБ”. Газэта не палічыла патрэбным патлумачыць, што “ўвайшлі” – гэта ня значыць “хацелі ўвайсьці”, і што ад апазыцыйных партыяў былі прэтэндэнты на ўдзел у камісіях, якіх туды папросту не ўключылі.