9 лістапада было абвешчана пра вызваленьне ад пасады кіраўніка КДБ генэрала Зайцава. Замянілі яго не на намесьніка, а на кіраўніка Рады Бясьпекі, а адстаўку зьвязалі са сьмерцю падпалкоўніка КДБ Казака — сьмерцю, якую Камітэт доўгі час адмаўляў, нібы тых мядзьведзікаў.
А 11 лістапада ў Віцебску каля КДБ адбываецца выбух «самаробнага піратэхнічнага прыстасаваньня», у выніку якога пашкоджаныя два акны. Між тым ад 12 лістапада ў краіне ўступаюць у сілу дапаўненьні ў законы аб барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеяньні экстрэмізму.
Пра віцебскі выбух вядома, што ён быў зусім ня моцным, але пацягнуў за сабой шматлікія затрыманьні ў горадзе. Мяркуючы па інфармацыі некаторых затрыманых, бралі хлопцаў у чорных куртках з капюшонамі.
Чарада малазначных, але гучных здарэньняў апошняга тыдня, на першы погляд, выглядае нібы чыясьці спроба накаліць абстаноўку ў грамадзтве.