Левінаў спрабаваў сустрэцца з кім-небудзь з кіраўніцтва мясцовага КДБ або міліцыі, каб даведацца афіцыйнай інфармацыі пра здарэньне. Аднак замест гэтага каля 10:00 яго даставілі ў РАУС, абвінаваціўшы ў парушэньні правілаў дарожнага руху - у тым, што, знаходзячыся побач з будынкам УКДБ, ён хадзіў па праезнай частцы, а не на ходніках.
Як распавёў праваабаронца, ён сапраўды выходзіў на дарогу, але - ня ён адзін. “Тэрыторыя каля будынку КДБ па-ранейшаму абнесеная стужкай, машыны тут не праяжджаюць, таму па праезнай часткі ходзяць шмат хто, у тым ліку - супрацоўнікі камітэту”, - заўважыў Левінаў. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складаў інспэктар ДАІ Баранаў. Са словаў Левінава, гэта быў загад начальніка, інспэктара Халаднова, заняцца менавіта ім, каб адцягнуць увагу ад будынку КДБ. Бо Баранаў ніяк не рэагаваў на супрацоўнікаў КДБ, якія пераходзілі дарогу не на пешаходным пераходзе.
За парушэньне правілаў дарожнага руху Левінава абавязалі выплаціць штраф у памеры 200 тысяч рублёў, аднак праваабаронца зьбіраецца абскардзіць дзеяньні міліцыі. “Пры складаньні пратаколу мае правы былі парушаныя, мне не далі магчымасьць абароны. Я буду абскарджваць дзеяньні міліцыі”, - паведаміў праваабаронца.
Паводле БелаПАН, udf.by, “Нашай Нівы”