Праваабаронцы на мінулым тыдні паведамілі, што пракуратура горада Мінска накіравала крымінальную справу актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі ў Мінскі гарадскі суд.
На дадзены момант Паліенку прад'яўлена абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства). На дадзены момант Дзмітрый Паліенка знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Мінска.
На думку праваабаронцаў, падставы для прыцягнення Дзмітрыя Паліенкі да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці і публічную абразу прадстаўніка ўлады ў дадзеным выпадку выглядаюць вельмі сумнеўна.
“Дыфамацыйны 369 артыкул Крымінальнага кодэкса даўно выклікае негатыўныя ацэнкі праваабарончай супольнасці. Вызначэнне міліцыянтаў як сацыяльнай групы ў межах абвінавачвання па артыкулу 130 КК таксама з пункту гледжання міжнародных экспертаў і праваабаронцаў з’яўляецца памылковым. Больш дэтальны аналіз абвінавачвання можна будзе зрабіць толькі падчас разгляду справы ў судзе», — перакананы юрыст "Вясны" Алег Пашкевіч.
Днямі актывістка Марына Касінерава паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку аб тым, што падчас следства была праведзеная незалежная экспертыза відэароліка, які і з’явіўся падставай для прыцягнення Паліенкі па двух дадатковых крымінальных артыкулах.
Яна кажа аб тым, што прадстаўнікі Следчага камітэту адмовіліся далучыць незалежную экспертызу да матэрыялаў справы перад перадачай іх у суд.
Да якіх высноў прыйшла незалежная экспертыза, мэтай якой было даследванне відэароліка “Мянты забіваюць людзей”, размешчаным на відэахостынгавым партале youtube?
Высновы комплекснага псіхалагічна-лінгвістычнага і сацыялагічнага заключэння спецыялістаў Кансалтынгавай фірмы “Калтуноў і партнёры” (Ніжні Ноўгарад, Расійская Федэрацыя) па запыце боку абароны Змітра Паліенкі.
- “Супрацоўнікі праваахоўных органаў”, "супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў" альбо "мянты" як сістэма дзяржаўных служб і органаў па ахове грамадскага парадку не ўтварае сацыяльнай групы, паколькі супрацоўнікі міліцыі (паліцэйскія) з’яўляюцца работнікамі праваахоўных дзяржаўных органаў, а не палітычных і больш таго, не грамадскіх арганізацый….
- У сацыялогіі недапушчальна вылучэнне якой-небудзь групы па крытэрыю адсутнасці якой-небудзь прыкметы, у прыватнасці, прыналежнасці ці не прыналежнасці да супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў.
- Даследваемыя палікодавыя матэрыялы ўтрымліваюць негатыўную адзнаку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія забіваюць людзей. На відэазапісе адсутнічае негатыўная ацэнка якой-небудзь групы асоб, аб’яднаных па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці сацыяльнай прыналежнасці.
- У прадстаўленым відэазапісу экспліцытныя выказванні, якія ўтрымліваюць зневажальныя характарыстыкі, негатыўныя ўстаноўкі ў адрас якой-небудзь групы, вылучаемай па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці не выяўленыя.
- Так, у спрэчных матэрыялах маюцца выказванні пабуджальнага характару, аднак выказванняў, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў адной групы асоб у дачыненні да іншай групы асоб, вылучаемай па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці не выяўлена.
- Асноўная сацыяльна-псіхалагічная скіраванасць спрэчнага матэрыяла палягае ў тым, каб звярнуць увагу грамадзян на неправамоцныя дзеянні беларускіх супрацоўнікаў праваахоўнах органаў, пераканаць гледачоў відэароліка ў іх жорсткасці, і ў тым, што з падобнымі дзеяннямі неабходна змагацца ўсімі магчымымі спосабамі.
Як бачна з вышэйпрыведзенага заключэння, распальвання варожасці па сацыяльнай прыкмеце ў відэароліку не знойдзена. Толькі ці прыслухаецца да гэтага суд?
Крыніца: А ці быў хлопчык? Што кажа незалежная экспертыза па справе Паліенкі