Нічога новага і «сакрэтнага» ў дакладзе пра стан спраў у праваахоўных органах няма, — распавядае праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч журналістам Радыё Свабода.
Аляксандар Лукашэнка 20 жніўня ўчыніў «разнос» на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якую назваў «гістарычнай»: маўляў, «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Ён агучыў дэталі з «сакрэтнага дакладу».
«Гэта сыстэма, якая выпрацавана ў краіне цягам шматлікіх гадоў. Прынцып адзін і той жа: тут ня важна, хто абгадзіўся, каровы ці сілавікі. То бок прыяжджае прэзыдэнт, на ўсіх лаецца, робіць усім наганяй. Але гэта ўсё ручное кіраваньне. Каб мінімізаваць і змагацца з такімі зьявамі, як катаваньне, жорсткае бесчалавечнае абыходжаньне, і іншымі злоўжываньнямі праваахоўнікаў, ня трэба выдумляць ровар», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Паводле праваабаронцы, усе неабходныя рэкамэндацыі «даўным-даўно сфармуляваныя, у тым ліку і дагаворнымі органамі ААН». Ён згадаў Камітэт супраць катаваньняў і Камітэт па правах чалавека ААН, дзе па выніках справаздачаў пра сытуацыю ў Беларусі былі выпрацаваныя рэкамэндацыі ўладам.
«Гэтыя рэкамэндацыі вельмі канкрэтныя і ўсёабдымныя. Калі ласка, бярыце і зацьвярджайце, уключайце ў нацыянальны плян па правах чалавека і рэалізуйце. То бок без рэформаў сыстэма ў Беларусі застанецца такой, як яна ёсьць».
Агучаныя кіраўніком Беларусі фрагмэнты сакрэтнага дакладу, паводле Валянціна Стэфановіча, даюць падставы казаць, што меліся на ўвазе і тыя справы, якімі займаліся праваабаронцы. Адна зь іх — гэта справа доктара Дзьмітрыя Серады, да якога ў кватэру 4 жніўня 2016 году ўварваліся АМАПаўцы ў масках, выламалі ўваходныя дзьверы, разьбілі шкло бальконных дзьвярэй на кухні. Дзьмітрыя паклалі тварам на падлогу на вачах у жонкі і малога дзіцяці, жорстка зьбілі, завезьлі ў Заводзкае РУУС, потым у Сьледчы камітэт. Трымалі паўтара сутак, не кармілі.
«Гэтая гісторыя цягнецца ўжо ня першы год, і доктар, які ні ў чым не вінаваты, не атрымаў ніякіх прабачэньняў і ніхто не пакараны за такія злоўжываньні. Нядаўна быў чарговы суд, які скасаваў адмову распачаць крымінальную справу, і цяпер павінны быць праведзеныя дадатковыя праверкі. Але, як паказвае наш досьвед, такія справы цягнуцца гадамі. Адзінкавыя даходзяць да суду, калі супрацоўнікаў праваахоўных органаў прызнаюць вінаватымі ў злоўжываньнях і караюць».
Сам Дзьмітры Серада ў адказ на пытаньне Свабоды, ці паўплываюць словы Лукашэнкі на разгляд ягонай справы, адказаў: «Не па словах трэба меркаваць, а па справах. Паглядзім».
Паводле статыстыкі, якую праваабаронцы перадалі ў Камітэт па катаваньнях ААН, з усяго аб’ёму пададзеных скаргаў толькі па адзінкавых насамрэч былі прынятыя рашэньні.
«Гэта сыстэмная праблема. У нас не працуе належным чынам ні пракуратура, якая павінна весьці нагляд за законнасьцю, у тым ліку праваахоўных органаў, ні іншыя структуры. А нацыянальных праваабарончых інстытутаў няма. Я маю на ўвазе ўпаўнаважанага па правах чалавека зь ягоным офісам, які мае магчымасьць наведваць месцы зьняволеньня ў любы час і без папярэджаньня. Альбо адсутнічаюць прэвэнтыўныя мэханізмы супраць катаваньняў, якія ёсьць у іншых краінах. У нас не крыміналізаваныя ўсе віды катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў Крымінальным кодэксе. Усё гэта вядома, і ня першы год», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Паводле праваабаронцы, калі ўлады не рэалізуюць рэкамэндацыі, то гэта будзе «песьня без канца».
«І каровы будуць надалей абгаджаныя стаяць, і сілавікі будуць абгаджвацца рэгулярна», — кажа Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч лічыць, што ў сакрэтны даклад, частку якога агучыў Аляксандар Лукашэнка, трэба дадаць «справу «Белага легіёну». (Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго як 21 сакавіка 2017 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. 30 лістапада 2017 году паведамілі пра спыненьне справы).
«Людзей пратрымалі ў СІЗА па некалькі месяцаў, а потым у судовым парадку адмовілі ў выплаце кампэнсацыі маральнай шкоды. Сказалі — маўляў, трымалі пад вартай паводле закону. Маўляў — і што, што справу спынілі, а іх вызвалілі за адсутнасьцю складу злачынства па рэабілітуючых абставінах? Людзям не заплацілі ні капейкі за тое, што іх па некалькі месяцаў пратрымалі ў СІЗА», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Чаму Лукашэнка абрынуўся на сілавікоў? Адказ – у кейсах “Вясны”