Райвыканкамы па Віцебскай вобласці размясцілі на сваіх афіцыйных сайтах рашэнні аб месцах, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.
Усяго на тэрыторыі Віцебскай вобласці створаны 14 выбарчых акругаў, а агульная колькасць выбаршчыкаў налічвае 865 282, што на 11 614 чалавек менш, чым колькасць выбаршчыкаў на папярэдніх парламенцкіх выбарах.
Практычна ўсе райвыканкамы абмежавалі збор подпісаў на адлегласці бліжэй, чым 20 метраў да адміністрацыйных будынкаў самога райвыканкама, суда, пракуратуры і аддзела ўнутраных спраў райвыканкама (Шаркаўшчынскі, Чашніцкі, Верхнядзвінскі).
Акрамя пералічаных адміністрацыйных будынкаў, некаторыя выканкамы ўнеслі ў спіс адлегласць у 20 метраў да ўстаноў адукацыі (Сенненскі, Пастаўскі, Шумілінскі, Ушацкі), арганізацый аховы здароўя (Віцебскі райвыканкам), раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях (Расонскі, Пастаўскі, Докшыцкі, Дубровенскі, Браслаўскі, Наваполацкі гарвыканкам).
Лёзненскі райвыканкам устанавіў таксама забарону не набліжацца з пікетамі бліжэй, чым 20 метраў да аддзялення па ахове аб'ектаў у г.п. Лёзна Першамайскага (г. Віцебска) аддзела Дэпартамента аховы МУС, адасобленай групы (Лёзненскага раёна) ваеннага камісарыята г. Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Лепельскі райвыканкам сярод іншых адміністрацыйных будынкаў ўключыў у спіс і Лепельскае міжраённае аддзяленне ўпраўлення камітэта дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці.
Полацкі райвыканкам ніякіх новаўвядзенняў у гэтым годзе не ўвёў: таксама, як і ў папярэднюю парламенцкую кампанію, праводзіць пікеты забаронена на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў Полацкага раённага выканаўчага камітэта, суда Полацкага раёна і г. Полацка, пракуратуры Полацкага раёна, Полацкага міжраённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.
Аршанскі і Талачынскі райвыканкамы адрозна ад іншых павялічылі адлегласць на пікетаванне да 50 метраў ад будынкаў райвыканкамаў, судоў і пракуратураў, ваенных камісарыятаў, кіравання і аддзела ўнутраных спраў, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, на тэрыторыях устаноў адукацыі і аховы здароўя, а таксама на пасадачных платформах чыгуначнага вакзала станцыі Орша.
Цікава, што Аршанскі райвыканкам увёў забарону на пікетаванне каля ваеннага камісарыята Дубровенскага раёна, у той час, як Дубровенскі райвыканкам такой забароны не ўводзіў. Аналагічная сітуацыя з Бешанковіцкім райвыканкамам, які забараніў набліжацца менш, чым на 20 метраў акрамя своейго ваеннага камісарыята да камісарыяту Шумілінскага раёна, а Глыбоцкі райвыканкам напісаў у сваім рашэнні аб ваенным камісарыяце Шаркаўшчынскага раёна, а таксама ўказаў адлегласць у 20 метраў і да сельскіх выканкамаў, воінскіх частак, Глыбоцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС.
Гарадоцкі райвыканкам сярод іншага прапісаў адлегласць канкрэтна да кантрольна-прапускнога пункта вайсковай часці 94017 - 20 метраў.
Цікава, што Мёрскі райвыканкам забараніў праводзіць пікеты толькі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і арганізацый аховы здароўя.
У горадзе Віцебску ўлады забаранілі праводзіць пікеты на тэрыторыі плошчы Перамогі, арганізацый аховы здароўя, на адлегласці менш за 20 метраў ад будынкаў Віцебскага аблвыканкама, райвыканкама і гарвыканкама, адміністрацый раёнаў горада і аддзелаў унутраных спраў пры іх, раённых судоў Віцебска, пракуратур горада, раёна і вобласці, ўпраўлення ўнутраных спраў і КДБ па Віцебскай вобласці. Характэрна, што гарвыканкам указаў усе аб'екты з канкрэтнымі адрасамі.
Нагадаем, што паводле Каляндарнага плану арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны вызначыць месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты не пазней за 26 жніўня.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Вобласць адна, а ўмовы розныя. Дзе нельга праводзіць перадвыбарчыя пікеты на Віцебшчыне?