У аўторак, 3 верасня стала вядома, што ў некаторых назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у розных рэгіёнах Беларусі адзначаліся праблемы з допускам на першыя пасяджэнні акруговых выбарчых камісій, якія былі ўтвораныя ўчора. Згодна з выбарчым заканадаўствам назіральнікі маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій (абз. 2 ч.5 арт.13 Выбарчага кодэкса).
Так, не змагла патрапіць на першае пасяджэнне выбарчай камісіі па Чкалаўскай акрузе №96 у Мінску назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Наталля Сацункевіч. Яно адбывалася ў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Наталля вылучалася ў назіральніцы шляхам збору подпісаў.
“Я прыйшла загадзя. Мне сказалі чакаць пачатку ў 12:00, пры гэтым сябры камісіі заходзілі і зачынялі дзверы. У 12:00 я зайшла, аддала дакументы на вылучэнне ў назіральніцы. Але Дзмітрый Ігаравіч Страздзін [у далейшым быў абраны старшынёў камісіі], сказаў мне выйсці. Запрасілі толькі праз 15 хвілін. У гэты час былі абраныя старшыня, намеснік і сакратар камісіі”, — распавядае Наталля Сацункевіч.
Агулам пасяджэнне цягнулася 28 хвілін. За тыя 13 хвілін, на якіх паспела пабываць назіральніца кампаніі ёй яшчэ забаранілі ажыццяўляць фотаздымку і аўдыёзапіс. Наталля Сацункевіч лічыць гэта парушэннем галоснасці пры правядзенні выбараў, на што была напісаная скарга.
Па інфармацыі назіральніка Аляксея Лойка, ён таксама не мог патрапіць на першае пасяджэння камісіі па Мінскай-Заходнай выбарчай акругі № 102, дзе былі абраныя старшыня і іншыя кіраўнікі камісіі.
У 8:45 назіральнік з’явіўся ў кабінеце Адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска, дзе і мусіла адбывацца пасяджэнне, ён прадаставіў пашапарт і дакумент, які дае яму права назіраць на выбарах. Але Таццяна Іванаўна Забаўская, якая была абраная старшынёй камісіі, паведаміла яму, што на пасяджэнні прысутнічаць ён не зможа. Матывавала яна гэта тым, што камісія яшчэ не сфармаваная, і яна пачне працу а 10 гадзіне, толькі тады можна будзе акрэдытавацца назіральнікам.
Але а 9-й гадзіне прыйшоў кіраўнік Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Анатольевіч Шкруднеў, які адразу пачаў пасяджэнне камісіі. Праз некаторы час да назіральніка падышла чыноўніца i паведаміла, што Шкруднеў не супраць, каб ён прысутнічаў на паседжанні камісіі. Пасля гэтагавыйшла Забаўская і запрасіла яго ў кабінет і заняць месца за сталом, за якім сядзелі сябры акруговай выбарчай камісіі.
Назіральнік кампаніі Аляксей Лойка расцаніў гэта як парушэнне выбарчага заканадаўства і падаў скаргу на дзеянні сябраў камісіі.
“Забаўская забараніла мне прысутнічаць на першым пасяджэнні камісіі, чым парушыла мае правы назіральніка за выбарчым працэсам, прадугледжаныя артыкулам 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — адзначае Лойка.
Таксама вядома, што не быў дапушчаны на пасяджэнне акружной выбарчай камісіі ў Мінску Ленінскі-Завадскі №93 назіральнік кампаніі Аляксей Горбач.
Праблемы з допускам на пасяджэнне акруговай камісіі былі таксама ў магілёўскага назіральніка Алеся Буракова. Яго не хацелі пакідаць на гэтак званым "арганізацыйным пасяджэнні" Магілёўскай-Сельскай камісіі №88, дзе абіралі старшыню і іншых кіраўнікоў. Але назіральнік кампаніі пераканаў сябраў камісіі, што гэта ўжо лічыцца пасяджэннем камісіі, на якім ён згодна заканадаўству мае права прысутнічаць. Але, як адзначыў Буракоў, праблемаў з доступам у Магілёўскую-Кастрычніцкую №86 і Магілёўскую-Прамысловую №87 выбарчыя камісіі, дзе ён таксама назіраў, не было.
Адзначаны цяжкасці з допускам на пасяджэнні камісій і ў іншых назіральнікаў. Напрыклад, у назіральніка Барыса Бухеля і Магілёўскай абласной акружной камісіі.
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абскарждваюць дзеянні сябраў камісій.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Не ўсе назіральнікі змаглі патрапіць на пасяджэнні выбарчых камісій. Чаму?