Галасаванне падчас паседжання ў Гомельскай-Прамысловай выбарчай камісіі №35 Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамляюць пра пасяджэнні акруговых выбарчых камісій ў Гомелі, Светлагорску, Рэчыцы, Мазыры і Калінкавічах.

ГОМЕЛЬ.

У Гомельскай-Прамысловай выбарчай камісіі №35 першае пасяджэнне адбылося 3 верасня. За пасяджэннем назіраў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка.

Па словах незалежнага назіральніка, на паседжанні прысутнічалі 11 з 13 сябраў акруговай выбарчай камісіі. Цікава, што адным з так званых “прагульшчыкаў” з’яўляецца як раз абраны напярэдадні сябра камісіі прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет” Васіль Краўчук.

Паседжанне адкрыў кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Радзюк. Ён павіншаваў прысутных “з такой значнай падзеяй у жыцці як выбары дэпутатаў” і прапанаваў выбраць старшыню выбаркаму. Была агучана кандыдатура Аллы Андрушчанка, за якую 11 сябраў камісіі прагаласавалі адзінагалосна. Працуе яна начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля.   

Намеснікам старшыні выбаркама абраны Сяргей Камыш, дырэктар адной з сярэдніх школ горада. Пры галасаванні па яго кандыдатуры чыноўнік ад адукацыі сціпла ўстрымаўся. Сакратаром камісіі абрана Наталля Шапарава, якая працуе бухгалтарам ў раённым аддзеле адукацы.

Камісія прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі выбарчай акругі 33-х выбарчых участкаў, 8 з якіх з’яўляюцца закрытымі – 2 з іх знаходзяцца на тэрыторыі ваенных частак і 6 у установах аховы здароўя. Таксама камісія галасавала за арганізацыйныя пытанні - рэжым, дзяжурствы і план сваёй працы.

Каментуючы ў цэлым вынікі паседжання, незалежны назіральнік Леанід Судаленка адзначыў, што паседжанне цягнулася чуць болей за 16 хвілін, кворум на паседжанні быў.

“Як бачым, акруговы выбаркам створаны з чыноўнікаў ці залежных ад іх людзей. Нічога новага не адбываецца. Абраны старшыня на мінулых выбарах працавала сакратаром выбарчай каміссіі”, - дадаў назіральнік.

* * *

Усяго 10 хвілін спатрэбілася выбарчай камісіі па Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе №31, для таго, каб выбраць кіраўніцтва і абмеркаваць арганізацыйныя пытанні."Усім нам выпаў гонар удзельнічаць у гэтай кампаніі" - такімі словамі адкрыла пасяджэнне Людміла Мяшкова, кіраўніца справамі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля.Яна ж прапанавала кандыдатуру Наталлі Кавалёвай на пасаду кіраўніка акруговага выбаркама. За кандыдатуру прагаласавалі аднагалосна. Намеснікам старшыні камісіі абралі Андрэя Лаўшука, сакратаром Юлію Шыбаеву. Пры галасаванні, камісія асабліва не паглыблялася ў апісанне рэгалій, заслуг і месцы працы кандыдатаў.

"Склалася ўражанне, што гэтыя людзі настолькі добра ведаюць адзін аднаго, што камісія не турбавала сябе падрабязнымі аповедамі пра будучае кіраўніцтва. Старшыня камісіі асобна падкрэсліла што ў іх працы на мінулых выбарах не было эксцэсаў і парушэнняў і пажадала удалай працы на выбарах. Што ж, паназіраем - пабачым ці абыйдзецца  без іх у гэтым годзе"- пракаментаваў пасяджэнне камісіі кіраўнік прадстаўніцтва ПЦ" Вясна "ў Гомелі, назіральнік у АВК №31 Андрэй Стрыжак.

КАЛІНКАВІЧЫ.

Назіральнік Андрэй Мядзведзеў, які прысутнічай на паседжанні Калінкавічскай выбарчай камісіі №41 паведамляе аб аб тым, што падчас першага паседжання камісіі сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Елісееў, які быў вылучаны, але не ўключаны ў склад АВК, у якасці выбаршчыка хацеў патрапіць на яе пасяджэнне з відэакамерай, каб атрымаць і распаўсюдзіць інфармацыю пра дзейнасць АВК, спасылаючыся на арт. 65 Канстытуцыі.

Да яго выйшаў кіраўнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў выканкама, які сказаў, што відэаздымкі рабіць нельга, а вось без відэафіксацыі ён можа прысутнічаць на пасяджэнні камісіі.

На фота ў фае з камерай - сябра АГП Аляксандр Елісееў.
На фота ў фае з камерай - сябра АГП Аляксандр Елісееў.

Але пазней падыйшла кіраўніца справамі выканкама Алена Дзяргач, якая сказал, што паколькі ён не акрэдытаваны ў якасці назіральніка, то не можа прысутнічаць на пасяджэнні камісіі.

А. Елісееў застаўся ў фае выканкама і здымаў пустое памяшканне, а  затым выхад сябраў камісіі пасля пасяджэння.

РЭЧЫЦА.

Як адзначае назіральнік у акруговай камісіі Рэчыцкай акругі № 44 Валер Пуціцкі, у склад створанай 3 верасня камісіі патрапілі прадстаўнікі ад БРСМ, грамадскай арганізацыі ветэранаў, прадстаўніца Чырвонага Крыжа. Палітычныя партыі прадстаўляе вылучэнец ад праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. А кіраваць працай акруговай выбарчай камісіі будзе Ігар Сяргееў, галоўны рэдактар мясцовай дзяржаўнай газеты «Дняпровец», які доўгі час працаваў намеснікам старшыні райвыканкама па ідэалагічнай і сацыяльнай сферы. Вылучаны ён у камісію працоўным калектывам сваёй газеты. 

СВЕТЛАГОРСК. 

Назіральнікі кампаніі паведамляюць, што прадстаўніцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Таццяну Наскову 3 верасня не прапусцілі на паседжанне акруговай выбарчай камісіі №46.

Таццяна Наскова - экаактывістка, якая неаднойчы падавала заявы на правядзенне мітынгаў супраць завода беленай цэлюлозы, зараз дзве яе скаргі накіраваныя КПЧ ААН. З'яўляецца сябрам АГП, пенсіянерка, але дагэтуль працуе ў шпіталі. Неаднаразова ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях у якасці назіральнікаў, была кандыдатам у дэпутаты аблсавета, неаднойчы яе вылучалі ў сябры камісіі. Аднак Наскову ніколі не прапускалі у склад камісій - ні АВК, ні ва ўчастковыя.

Таццяна Наскова каля бедынку Светлагорскага райвыканкама, дзе месціцца выбарчая камісія.
Таццяна Наскова каля бедынку Светлагорскага райвыканкама, дзе месціцца выбарчая камісія.

"Відаць, яе прынцыповая пазіцыя нікому не патрэбная" , - каментуе назіральніца Алена Маслюкова.

МАЗЫР.

Напрыканцы працоўнага дня 3 верасня адбылося першае паседжанне Мазырскай акруговай выбарчай камісіі №42 па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адкрыла паседжанне старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка. У камісію было абрана 13 асобаў, прысутнічала адзінаццаць. Усе чальцы камісі – кіраўнікі дзяржустановаў і прадпрыемстваў Мазыра і раёна. Адзін з іх сябра ад КПБ і адзін ад Сацыял-дэмакратычнай партыі “Згода”. Пасля абрання старшыні камісіі Паўлечка пажадала поспехаў у працы і пакінула памяшканне.

Дзевяць пытанняў парадка дня паседжання абмеркавалі і прагаласавалі на працягу 30 хвілінаў. У межах выбарчай акругі ўзгаднілі 41 выбарчы участак. Наступныя пасяджэнні АВК вырашылі праводзіць пасля абеду, згодна плану працы і Календарнага плана выбарчай кампаніі.

"Праваабаронцы за сабодныя выбары".

Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.

Крыніца: Гомельшчына: як праходзілі першыя пасяджэнні акруговых камісій? Фота Дапоўнена