Цэнтральная камісія Беларусі апублікавала звесткі аб складзе акруговых выбарчых камісій. Большасць сябраў выбаркамаў складаюць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў — 72,8% ад агульнай колькасці. Менавіта яны на парламенцкіх выбарах 17 лістапада будуць падлічваць галасы выбаршчыкаў. Але што гэта за партыі і аб’яднанні?
Палітычныя партыі склалі 14% ад агульнай колькасці складу акруговых выбаркамаў у Беларусі. Самымі прадстаўнічымі ў камісіях сталі:
- Камуністычная партыя Беларусі — 68 чалавек,
- Рэспубліканская партыя труда і справядлівасці — 52,
- Беларуская партыя левых "Справядлівы мір” — 23.
Характэрна, што ў склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі палітычных партый, дзейнасць якіх прыкметна актывізуецца толькі падчас выбараў. Сярод іх: Беларуская аграрная партыя, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Республіканская партыя труда і справядлівасці і іншыя.
Ад апазіцыйных партый увайшлі ў склад акруговых выбаркамаў толькі некалькі прадстаўнікоў: ад партыі БНФ — 3, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 4.
Колькасць прадстаўнікоў ад грамадскіх грамадскіх аб’яднанняў у АВК склала 58,8%. Традыцыйна, найбольшую колькасць складаюць:
- Афіцыйныя прафсаюзы — 270 прадстаўнікоў;
- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне “Белая Русь” — 108;
- Беларускі саюз жанчын — 101;
- Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 93;
- Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў — 86.
У склад акруговых выбаркамаў увайшлі 106 прадстаўнікоў “іншых грамадскіх аб’яднанняў”. Гэта такія арганізацыі як Беларускі саюз ветэранаў, Чырвоны крыж, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, а таксама рух “За Свабоду” і іншыя.
Дарэчы, лідар руху Юры Губарэвіч накіроўваў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай ліст з просьбай адлюстраваць у статыстычнай справаздачнасцi на старонках сайта Цэнтрвыбаркама звесткі пра рух “За Свабоду”, а не хаваць іх у графе “іншыя грамадскія аб’яднанні”. Але яму было адмоўлена.
"Я перакананы, што прычына тут іншая. Схаваўшы колькасць вылучаных Рухам прадстаўнікоў у камісіі за графой "Іншыя грамадскія аб'яднанні", Цэнтрвыбаркам спадзяецца, што яму не прыйдзецца тлумачыць міжнародным назіральнікам, чаму ад праўладных арганізацый у камісіі трапляюць 100% вылучэнцаў, а ад незалежных каля нуля”, — перадае сайт руху словы Юрыя Губарэвіча.
Паказальна, што з 116 вылучэнцаў у склад АВК прайшло толькі 4 прадстаўнікі руху (на Берасцейшчыне і Віцебшчыне).
Яшчэ горшая сітуацыя склалася з рухам “Гавары Праўду”. З 36 вылучэнцаў у склад акруговых выбаркамаў не прайшоў ніводзін іхні прадстаўнік.