У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася жыхарка Беларусі Таццяна Г., якая цікавілася максімальным узростам для накіравання грамадзян, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
«Ходзяць чуткі, што у 2019 годзе выйшлі нейкія змены ў заканадаўстве, што ў ЛПП цяпер могуць змясціць да 65 гадоў, а не да 60, як раней», - пытаецца яна.
Юрысты тлумачаць, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 104-З "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх", не падлягаюць накіраванню ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі:
- грамадзяне, якія не дасягнулі ўзросту васемнаццацi гадоў;
- мужчыны старэй за шэсцьдзесят гадоў;
- жанчыны старэй за пяцьдзесят пяць гадоў;
- цяжарныя жанчыны;
- жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да аднаго года;
- інваліды I і II групы;
- грамадзяне, у якіх выяўлены захворваннi, якія перашкаджаюць іх знаходжанню ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.
Відавочна, пры прыняцці закона гэты ўзрост быў усталяваны роўным агульнаўстаноўленаму для выхаду на пенсію.
Вядома, у закон могуць быць унесены змены, але аб наяўнасці такіх законапраектаў праваабаронцам у цяперашні час невядома.
Дарэчы, у многіх нарматыўных актах (напрыклад, у некаторых артыкулах Крымінальнага кодэкса) абмежаванні па ўзросту падобнага роду сфармуляваны ў выглядзе "асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту", і тады сапраўды з часам, пры павышэнні пенсіённага ўзросту, дзеянне адпаведных нормаў распаўсюдзіцца на больш шырокі круг суб'ектаў.
І яшчэ. Пры вырашэнні пытання аб накіраванні ў ЛПП суддзямі павінны ўлічвацца ўсе абставіны, у тым ліку і тое, што грамадзянін, у дачыненні да якога разглядаецца пытанне, з'яўляецца пенсіянерам. Але забароны на накіраванне яго ў ЛПП закон не ўтрымлівае.
Крыніца: Па чутках і аўтарытэтна: ці будуць змяшчаць у ЛПП асоб старэйшых за шэсцьдзесят?