Памятаеце выпадкі, калі некаторых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не пусцілі на першыя пасяджэнні акруговых выбарчых камісій? Назіральнікі абскардзілі дзеянні сябраў камісіі, і нават некаторыя камісіі прызналі свае памылкі.
Так, мінскаму назіральніку кампаніі Аляксею Лойку прыйшоў адказ на скаргу па нядопуску яго на пасяджэнне АВК Заходняй выбарчай акругі № 102 г. Мінска. Старшыня камісіі Д. Шаўцоў паведаміў, што «ў ходзе праведзенай праверкі было ўстаноўлена, што ён сапраўды быў недастаткова аператыўна акрэдытаваны ў якасці назіральніка, з-за чаго прапусціў некалькі першых хвілін пасяджэння акруговай выбарчай камісіі Заходняй выбарчай акругі №102».
Але, нагадаем, што за гэтыя "некалькі першых хвілін" на пасяджэнні паспелі выбраць старшыню камісіі, яго намесніка і сакратара.
Пры гэтым Д. Шаўцоў запэўніў назіральніка, што для недапушчэння ў будучыні аналагічных сітуацый усе акруговыя выбарчыя камісіі папярэджаны аб неабходнасці своечасовай акрэдытацыі назіральнікаў і іх бесперашкоднага допуску.
Такі адказ не задаволіў назіральніка кампаніі Аляксея Лойкі. Ён накіраваў скаргу ў Цэнтральную камісію на дзеянні Шаўцова.
Як лічыць назіральнік, старшыня камісіі не меў права адказваць аднаасобна на скаргу. Згодна з палажэннямі Выбарчага кодэкса Беларусі рашэнні на заявы і скаргі на дзеянні камісіяў прымаюцца камісіяй адкрытым галасаваннем большасцю галасоў. Апошняе паседжанне Мінскай гарадской камісіі было 3 верасня. Таму відавочна, што Шаўцоў прыняў рашэнне ў супярэчнасці з устаноўленнай выбарчым заканадаўствам працэдурай.
Акрамя гэтага, назіральнік не згодны і з фармулёўкай "недастаткова аператыўна акрэдытаваны".
"Такая фармулёўка аб акрэдытацыі не адпавядае рэчаіснасці. Акрэдытаваны ў якасці назіральніка я быў у 8 гадзін 45 хвілін, потым мне сказалі пачакаць да 10 гадзін. Я падрабязна выклаў гэтую сітуацыю ў скарзе.
На парадку першага пасяджэння камісіі стаяла задача абраць кіраўнікоў АВК. Выкананне парадку дня пасяджэння было ажыццяўлена ў маю адсутнасць. Пусцілі мяне ў кабінет, калі ўжо камісія размяркоўвала паміж сабой графік дзяжурстваў на верасень 2019 г.
Таму лічу, што мяне наогул не дапусцілі на пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі. Калі мяне пусцілі ў кабінет, пасяджэнне камісіі было скончана ў сувязі з выкананнем парадку дня", — распавядае Аляксей Лойка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.
Крыніца: Выбарчая камісія прызнала парушэнне права мінскага назіральніка