Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў Сьвятлана Баранкоўская прэзэнтавала ў абласной бібліятэцы першую ў сваім жыцьці пэрсанальную выставу жывапісу – “Нечаканае”. Яе габэлены ведаюць усе, пра жывапіс – толькі здагадваліся. Добрая неспадзяванка!

Віцяблянкі меркавалі далучыцца да галадоўкі-328 трэцяга траўня. Але зьмянілі рашэньне ў апошні момант, калі на падыходзе да будынку Віцебскага гарвыканкаму сутыкнуліся зь не чаканай для іх пільнай увагай з боку людзей у цывільным адзеньні.

У Полацку міліцыя абвінаваціла прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава ў парушэньні ўказу прэзыдэнта аб валютных апэрацыях: ён нібыта атрымаў ад нейкага грамадзяніна расейскія рублі за юрыдычную кансультацыю па працоўных пытаньнях. Яму ўручаная позва ў суд. Сябры прафсаюзу ўспрымаюць здарэньне як правакацыю супраць арганізацыі рабочых.

Як высьветлілася, людзей, якія захапляюцца кнігамі Ўладзімера Арлова, у абласным цэнтры шмат. Перапоўненая заля ледзь магла зьмясьціць усіх прыхільнікаў творчасьці вядомага беларускага пісьменьніка, паэта і гісторыка.

У красавіку стала вядома пра чарговую – ужо сёмую (!) – адмову Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістраваць партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Пракамэнтаваць гэтае рашэньне ўладаў «Віцебская Вясна» папрасіла каардынатарку партыі па Віцебскім рэгіёне Тацяну Севярынец.

У Віцебску 28 красавіка адбыўся чарговы Rubin-fest – канцэрт паэта, музыкі і барда Міхаіла Рубіна. Сёлета імпрэза прайшла ў сольным фармаце на фоне велікоднай выставы ў культурна-гістарычным цэнтры “Залатое кола Віцебску “Дзьвіна”. Рубін сьпяваў блюзы, псальмы і нават – опэру. Было горача!..

Віцебскія маці асуджаных па артыкуле 328 КК РБ (Незаконны абарот наркатычных рэчываў) гатовыя далучыцца да галадоўкі, якую 27 красавіка абвесьцілі ўдзельнікі “Матчынага Руху 328”. Агулам па краіне – у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, у Калінкавічах і Магілёве – галадае ўжо каля 30 жанчын.

Памятны вянок пусьцілі па Дзьвіне 26 красавіка віцебскія ліквідатары наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў. “Заўчасна памерлым чарнобыльцам – ад нас, жывых. Вечная памяць!” – было напісана на стужцы.

25 красавіка выдаўся для судзьдзі Віцебскага абласнога суду Сьвятланы Івановай насычаным – за адзін дзень яна змагла правесьці два судовыя паседжаньні. Рашэньні былі прынятыя па скаргах журналістаў-фрылянсэраў Алены Шабуні ды Вячаслава Лазарава зь Віцебску і Зьмітра Лупача з Глыбокага. Калі першае разьбіральніцтва ішло цягам дзесяці хвілін, то на другое хапіла дзьве.

На краўдфандынгавай пляцоўцы “Талака” абвясьцілі збор сродкаў на арганізацыю цырымоніі ўручэньня прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі». Імпрэза ганараваньня адбудзецца ўжо ў 11-ы раз на радзіме пісьменьніка ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне ў чэрвені 2018 году.