Пятніца, 18 Кастрычнік 2013

Павал Севярынец на волі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД), былы палітвязень Павал Севярынец “удзячны Богу” за тры гады, якія ён правёў у спэцкамэндатуры № 7 (вёска Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці) па прыгаворы суду. Пра гэта палітык заявіў журналістам 19 кастрычніка ў Менску, куды ён прыбыў адразу пасьля вызваленьня.

Віцебскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ хацелі публічна адсьвяткаваць юбілей партыі. Дзеля гэтага яны падалі заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну на пікет. Акцыя мусіла адбыцца 18 кастрычніка ў месцы, адмыслова адведзеным уладамі пад масавыя мерапрыемствы – у парку чыгуначнікаў, тым ня менш намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла.

Рашэньне аб будаўніцтве буйнога гандлёвага цэнтру на месцы парку на прывакзальнай плошчы ў Полацку выклікала незадаволенасьць і нязгоду сярод жыхароў прылеглых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай. Жыхары пачалі зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва, а таксама сустрэліся і абмеркавалі гэтую праблему са старшынём аблвыканкаму Віцебскай вобласьці Аляксандрам Косінцам…

Каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было найменей падставаў адмовіць. Месца меркаванага пікета – зь ліку трох у горадзе, адмыслова вызначаных пад масавыя мерапрыемствы, - парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ. Час правядзеньня – з 14 да 16 гадзінаў 29 кастрычніка.

Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіўся ўнесьці ў асобныя сьпісы на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня інваліда другой групы праваабаронцу Валера Місьнікава. Фармальнай прычынай таму стала даведка пра месца жыхарства і склад сям’і, выдадзеная Місьнікаву разьліковым цэнтрам № 4 дзяржаўнага прадпрыемства «ЖРЭТ Першамайскага раёну».

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла пікет, які праваабаронцы меркавалі зладзіць 19 кастрычніка. Яны хацелі абмеркаваць з жыхарамі гораду праблемы, зьвязаныя з наяўнасьцю і ўжываньнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Прычына забароны акцыі – адсутнасьць у яе арганізатараў дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі на яе абслугоўваньне.

Надзея Куканос была затрыманая міліцыянтамі ў Віцебскім абласным судзе. На яе склалі два пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў аховы правапарадку. На думку міліцыянтаў, журналістка была п’яная, але экспэртыза не пацьвердзіла іх падазрэньні.

З нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання ў ПЦ “Вясна” прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам праваабаронцаў і сваякоў асуджаных да расстрэлу. На прэс-канферэнцыі прысутнічала маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва. Яна адзначыла, што грамадства недастаткова інфармаванае пра смяротнае пакаранне, многія нават не падазраюць, што дагэтуль у Беларусі захавалася такая мера пакарання. “Я і сама паняцця не мела пра гэта, пакуль сама не сутыкнулася з гэтай праблемай”, - сказала Любоў Кавалёва.

Дакумэнт «Аб віетнамскай працоўнай сіле» адміністрацыя Першамайскага раёну Віцебску рассылае кіраўнікам прадпрыемстваў. У гэтым дакумэнце паведамляецца наступнае: «Адміністрацыя Першамайскага раёну г. Віцебску інфармуе, што паводле ліста амбасады Рэспублікі Беларусь у Віетнаме існуе магчымасьць выкарыстаньня на тэрыторыі вобласьці віетнамскай працоўнай сілы (будаўнікі, швачкі, сельскагаспадарчыя рабочыя, сьлесары, мэханікі, зваршчыкі)».

Віцебскі лекар, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні, а потым быў выпісаны на амбуляторны рэжым, некалькі дзён таму выйшаў на працу. Адміністрацыя абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі перавяла яго на іншую пасаду: цяпер ён працуе не ў шпіталі, а ў псыхіятрычным дыспансэры. Праца яго задавальняе, але з дыягназам “разладзьдзе асобы” ён ня згодны.