Выйшла на волю віцебская журналістка Таццяна Матвеева
Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.
У Інтэрнэце з’явіўся відэаролік у падтрымку арыштавана ксяндза Андрэя Вашчука
Стваральнік відэароліка – віцебскі рэжысёр Антон Грышкевіч, які ў студзені 2021-га году падтрымаў агульнанацыянальны страйк і звольніўся з Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва, дзе працаваў выкладчыкам. З тае пары ён застаецца беспрацоўным, але не губляе прынцыповай грамадзянскай пазіцыі, у тым ліку і ва ўласнай творчасці. Апошні ягоны відэаролік, прысвечаны ксяндзу Андрэю Вашчуку, змантажаваны з фотаздымкаў зняволенага святара.
Затрымалі віцебскую журналістку Таццяну Матвееву
Былую супрацоўніцу найбуйнейшага навінавага парталу, абвешчанага экстрэмісцкім, затрымалі ўвечары 28 ліпеня. Міліцыянты прычакалі спадарыню Таццяну на вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі. Дома ў яе быў праведзены ператрус, а ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну на журналістку склалі пратакол за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). Гэтую ноч затрыманая правяла ў ІЧУ, верагодна, што 29 ліпеня Таццяну Матвееву будуць судзіць.
Жыхарку Наваполацку аштрафавалі за рэпост, зроблены ў 2018 годзе
У Наваполацкім гарадскім судзе адбыўся працэс над Кацярынай Вінакуравай, якую прызналі вінаватай паводле артыкула 19.11 КаАП. Маладую жанчыну аштрафавалі за рэпост артыкула пра смерць паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, які сышоў у лепшы свет у 2018 годзе. Пра гэта шырока паведамлялася ў незалежным друку, і жыхарка Наваполацку тады ж зрабіла рэпост з аднаго з найстарэйшых беларускіх выданняў, якое праз некалькі год прызналі экстрэмісцкім.
Праўладныя віцебскія паблікі паліваюць брудам зняволенага ксяндза Андрэя Вашчука
У некаторых тэлеграм-супольнасцях, якія займаюцца распальваннем варожасці ў дачыненні да прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, сінхронна з’явіліся звесткі пра тое, што супраць святара вось-вось распачнуць крымінальную справу. Асобныя паблікі «ВКонтакте», якія пазіцыянуюць сябе як праваднікоў афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі Беларусі, апусціліся да паклёпу і прамых абразаў на адрас віцебскага ксяндза. Паклёпнікі відавочна карыстаюцца тым, што Андрэй Вашчук не можа прыцягнуць іх да судовай адказнасці, бо адбывае 15-суткавы арышт.