Адміністрацыйную справу журналісткі Таццяны Матвеевай накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю
У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся працэс над журналісткай Таццянай Матвеевай, былой супрацоўніцай зачыненага найбуйнейшага беларускага інфармацыйнага партала. Яе вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні за размяшчэнне ў Фэйсбуку фотаздымка з малюнкам белага і чырвонага колераў. Суддзя Уладзімір Царыкаў распачаў судовае пасяджэнне, але яно скончылася менш як праз паўгадзіны – ён заўважыў памылкі ў пратаколе.
Уладзімір Булаўскі выйшаў на волю пасля месяца адміністрацыйнага арышту
Гэта было чацвёртае затрыманне Булаўскага з 2020 года. Гэтым разам ён правёў за кратамі 30 сутак. Пакуль не зразумела, аднак магчыма, што пасля шматлікіх выпадкаў адміністрацыйнага пакарання для Уладзіміра можа адкрыцца перспектыва пераследу па "народных" артыкулах крымінальнага закону.
На музычным фэсце ў Браславе жыхара Мінска затрымалі "за дэманстрацыю" татуіроўкі з "Пагоняй"
На фестывалі Viva Braslav 2 жніўня работнікамі міліцыі быў затрыманы жыхар беларускай сталіцы Міхаіл Тарлоўскі. Яго затрымалі "за дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі". Галоўнае ўпраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму (Цэнтр "Э") лічыць Тарлоўскага анархістам.
Затрыманы віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін, які ўжо некалькі год жыве ў Польшчы
Час ад часу Барыс Элькін наведваўся на радзіму, дзе ў яго засталіся сваякі. Некалькі дзён таму ён прыехаў у Віцебск. Затрыманне адбылося 1 жніўня, калі прадпрымальнік выходзіў з машыны. Дома ў яго правялі ператрус, а потым забралі і самога. Падставы затрымання дакладна не вядомыя, але Барыса Элькіна ў Віцебску ведаюць як даўняга прыхільніка дэмакратычных пераменаў.
Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі чацвёрты раз запар на 15 сутак
У Наваполацкім ЦІПе ён знаходзіцца з 15 чэрвеня.Паводле апошняй пастановы суддзі Зінаіды Балаболавай, ягоны арышт мае расцягнуцца на 2 месяцы – да 14 жніўня. У гарадскім судзе Наваполацку яго чацвёрты раз прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП – за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Праваабаронцам стала вядома, што два ранейшыя арышты актывісту былі прысуджаныя нават не за рэпосты, а толькі за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы.