Субота, 08 Сакавік 2014

У гімназіі і школах Глыбокага колеры дзяржаўнага сьцягу Ўкраіны — пад забаронаю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Данат Бука Данат Бука

Як распавёў гімназіст Данат Бука, тыдзень таму яго сястра прапанавала набыць і павязаць на заплечнікі жоўта-блакітныя стужкі. Некаторыя з вучняў вырашылі падтрымаць гэту ідэю. Так яны хацелі выказаць сваю салідарнасьць з украінскім народам. Падлеткі насілі такія стужкі амаль тыдзень. Але дырэктар гімназіі Людміла Хверанец зрабіла Данату заўвагу.

Расказвае Данат: “Дырэктар сустракае, вітаецца: “Добры дзень!” — праходзіць. Потым кажа: “Данат, стойце! Што гэта ў вас такое?”, — паказвае на стужачкі. Я кажу: а што, нельга насіць ці што? А яна — што ў нас тут ніякія не палітычныя аб’яднаньні, гэта справы дарослых, калі яны так хочуць, то хай разьбіраюцца — штосьці такое… Я кажу, пакажыце дакумэнт, дзе напісана, што мне нельга сінюю і жоўтую стужку насіць разам”.

Дырэктарка нават паабяцала выклікаць Даната на размову, але не зрабіла гэтага. Сястра ж Даната, Алеся, якая вучыцца побач, у школе №3, кажа, што на гэткую гутарку патрапіла.

“Учора з раніцы я вырашыла заплесьці ў косы стужкі, адну жоўтую, адну сінюю, і я прыйшла ў школу, была дзяжурная ў сталоўцы, было ўсё добра, у мяне пыталіся, казалі, якая прыгожая каса ў мяне, але ніхто не зьвяртаў на гэта ўвагі. Пад вечар прыйшоў дырэктар і сказаў: “Алеся, хадзем да мяне ў габінэт”.

Паводле слоў дзяўчыны, дырэктар паведаміў, што з павагай ставіцца да яе поглядаў, але ў школе публічна іх выказваць нельга. А вось школьны псыхоляг выказалася супраць украінцаў, працягвае Алеся Бука: “Перад гэтым у нас быў факультатыў па псыхалёгіі, і настаўніца завяла тэму пра Ўкраіну. Яна казала, што там вельмі дрэнна, што Расея добрая, а ўкраінцы самі пачалі гэту вайну, і яны вінаватыя, што не аддаюць Крым, і яны забіваюць расейскіх людзей, не даюць ім размаўляць на расейскай мове”.

На знак пратэсту Алеся зь сяброўкамі вырашылі адмовіцца ад гэтага факультатыву. На гутарку з дырэктарам патрапіў сябар Даната. Дырэктарка гімназіі нават выклікала яго бацьку, якому распавяла, што на яго сына кепска ўплывае аднаклясьнік.

Такія нагаворы на сына абурылі маці Даната Юлю Бука: “Мне ж ніхто не выставіў ніякіх прэтэнзіяў і не вінаваціць маіх дзяцей, што я іх дрэнна выхоўваю, але мне вельмі не спадабалася, калі сказалі, што ва ўсім гэтым вінаваты Данік. Я лічу, што ў дзяцей павінна быць сваё меркаваньне, я не выхоўваю іх дрэнна. Але я памятаю сваё дзяцінства, калі нам казалі, што няма Бога і нельга хадзіць у царкву, а потым усе паперліся ў тую ж царкву, і сталі раптам веруючымі. Дык каму верыць?”

Сама ж дырэктарка ў размове з карэспандэнтам сьцьвердзіла, што ўкраінскі сьцяг яна бандэраўскім не называла і не забараняе дзецям мець свой пункт гледжаньня, але яны не павінны дэманстраваць яго публічна.

Эўрарадыё