Пятніца, 29 Кастрычнік 2021

За нанясенне надпісаў на сцены кіёска і прыпынак маладым людзям пагражае да трох месяцаў арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Па дадзеных следства, у жніўні, кастрычніку і лістападзе мінулага года 21-гадовая дзяўчына і 19-гадовы юнак нанеслі фарбай з аэразольных балончыкаў надпісы на кіёск і прыпынак, размешчаныя ў Віцебску на вуліцы Яроменкі, і на сцены трох гаражоў на вуліцы Лазо. На думку следчых, сваімі дзеяннямі маладыя людзі ўчынілі псаванне маёмасці і прычынілі прадпрыемствам маёмасную шкоду. Ці мелі надпісы пратэставы характар, міліцыя не паведамляе.

Асобы людзей, якія, магчыма, учынілі вышэйзгаданыя дзеянні, былі ўстаноўленыя супрацоўнікамі міліцыі падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. На момант размалёўкі сцен хлопцу было 17 гадоў. Свае супрацьпраўныя дзеянні ён запісваў на камеру мабільнага тэлефона ягонай знаёмай.

Цяпер удзельнікі мастацкага флэш-мобу знаходзяцца на волі. Да дзяўчыны прымянілі меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе, за маладога чалавека паручыліся. Следства завершанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Па выніках расследавання маладым людзям выставілі абвінавачанне паводле арт. 341 КК ("Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці"). Калі суд прызнае іх вінаватымі і датычнымі да нанясення надпісаў, то ім пагражае пазбаўленне волі ад аднаго да трох месяцаў (максімальнае пакаране).

Лявон Яфрэменка