Свой першы зварот з просьбай стварыць пандус Наталля Стрэльчанка напісала ў раённы суд яшчэ ў студзені 2019 году.
«Ля ўваходу ў будынак суду ўстаноўлены парог з высокімі і небяспечнымі прыступкамі. Уваход у будынак суду стварае цяжкасці пажылым людзям, маці з вазкамі і, самае галоўнае, людзям з інваліднасцю», – пісала тады Наталля.
Яна спасылалася на Закон «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у РБ» і іншыя прававыя акты і прасіла ў самыя кароткія тэрміны стварыць умовы для безбар'ернага асяроддзя.
«У апошнія гады мяне шмат выклікалі ў суд Дубровенскага раёну, дзе мяне судзілі за грамадзянскую пазіцыю на розных падставах. Прыкладна ў 2018 годзе ў судзе Дуброўна зрабілі капітальны рамонт, у кабінетах суддзяў таксама зрабілі шыкоўныя рамонты, пры гэтым, як гэта бывае ў нашых чыноўнікаў, пра патрэбы простых людзей, за чый кошт яны і робяць сабе рамонты, забыліся!» – тлумачыць Наталля.
З раённага суду прыйшла тады адпіска, што «зварот прыняты да ведама» – і больш нічога.
«Калі я звярнулася ў суд з пытаннем аб невыкананні закону аб даступнасці, а менавіта – аб адсутнасці пандусу, суддзя Дубровенскага суду Марына Цыклінская цынічна мне адказала, маўляў, мы возьмем да ўвагі ваш зварот! Абураная адказам суддзі, я звярнулася ў абласны, а потым і ў Вярхоўны суд! З юрыдычнымі аспектамі гэтай справы мне дапамагаў праваабаронца «Вясны». У выніку ўсё зацягнулася на не адзін год», – успамінае Наталля.
У красавіку 2019 году старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў актывістцы, што Віцебскім абласным судом «праводзіліся мерапрыемствы па пошуку праектнай арганізацыі для праектавання і пабудовы пандусу на ўваходзе ў будынак суду Дубровенскага раёну» і запэўніў, што аблсуд заключыў дамову з падрадчыкам на выкананне працаў.
«Тут мы бачым, як чыноўнікі на месцах, якія закліканыя сачыць за выкананнем закону, самі ўпарта не хочуць яго выконваць, нават тады, калі ім афіцыйна пра гэта кажуць! Вось як сабе шыкоўны рамонт у кабінеце зрабіць – дык на гэта ім і грошай народных не шкада, і жадання не бракуе!» – каментуе дзеянні мясцовых уладаў актывістка.
Наталля Стрэльчанка неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за свае палітычныя погляды. Так, 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй суддзя Марыя Цыклінская аштрафавала яе на 25 базавых велічынь. У яе доме адбываліся ператрусы, сканфіскоўвалася аргтэхніка. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах яна была ў камандзе Мікалая Статкевіча. Пасля чарговага ператрусу была вымушаная з дзіцём пакінуць Беларусь.
Уладзімір Бяляўскі