Новыя аўтобусы пачалі курсіраваць па Гарадку каля месяца таму, і неўзабаве давялося ладзіць асобную сустрэчу адмыслоўцаў, каб абмеркаваць наяўную сітуацыю. Ініцыятарам сустрэчы стаў Старшыня праўлення ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Вячаслаў Ільін, на думку якога новы транспарт абсалютна не адпавядае свайму прызначэнню – бяспечнай перавозцы жыхароў райцэнтру. Таксама на сустрэчы прысутнічалі начальнік управы па працы і сацыяльнай абароне Гарадоцкага раёну Аляксей Гамзюк і старшыня раённага савету ветэранаў Ала Казакова, паведамляе газета «Гарадоцкі веснік».
Сутнасць праблемы ўдалося данесці да раённых уладаў, рашэнне якіх стала адлюстраваннем прымаўкі пра тое, што скупы ды неабачлівы плаціць двойчы. Было прынята рашэнне прасіць абласных чыноўнікаў выдаткаваць яшчэ некалькі адзінак транспарту, адаптаваных для перавозкі пажылых і нямоглых людзей. Жыхарам Гарадка паабяцалі, што неўзабаве па райцэнтры пачнуць курсіраваць два аўтобусы з нізкай падлогай (па адным на кожным маршруце, што яўна недастаткова, каб задаволіць патрэбы пасажыраў). А на 4-х нядаўна набытых МАЗах кандуктараў заабавяжуць дапамагаць пасажырам, якія будуць мець цяжкасці падчас пасадкі і выхаду з транспартнага сродку.
Віктар Міхееў
Серада, 28 Верасень 2022
У Гарадку новыя аўтобусы сталі праблемай для людзей ва ўзросце і з абмежаванымі магчымасцямі
Нядаўна для райцэнтра Гарадок былі набытыя 4 мікрааўтобусы МАЗ. Аднак яны аказаліся абсалютна непрыдатныя для паездак па 2-х мясцовых аўтобусных маршрутах. Нязручнасці стварае тая акалічнасць, што дзверы ў гэтай мадэлі аўтатранспарту адчыняюцца ўручную. Гэта вымагае дадатковага часу і збівае распрацаваны расклад. Да таго ж, у гэтых аўтобусах не прадугледжаны поручні, а падлога мае высокі выступ, што стварае неадольныя перашкоды для пасажыраў сталага веку, не кажучы ўжо пра асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.
Апублікавана ў
Безбар'ернае асяродзьдзе