Паводле Андрэя Бульчака, ён быў вымушаны зʼехаць у так хутка, што нават не развітаўся з парафіянамі:
« Мяне выклікаў на сустрэчу міліцыянт і паведаміў, што я буду асуджаны за экстрэмізм. За што? Разам з моладдзю пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага мы робім відэафільмы. І нядаўна мы выпусцілі відэаролік, адрасаваны польскай моладзі – каб праз падзеі ва Украіне беларусаў не лічылі акупантамі. У відэароліку быў фрагмент дакументальных здымак з лагатыпам «Белсат» і бел-чырвона-белым сцягам. Мы хацелі, каб беларусаў не лічылі акупантамі, гэта відэаролік – крык чалавека пра тое, што мы не хочам вайны, мы хочам міру. І гэта быў «кручок» для ўладаў, каб мяне абвінаваціць», – распавёў ксёндз Андрэй.
Сюжэт відэароліка «Ліст», які стаў падставай для судовага пераследу пастаўскага ксяндза, вельмі просты. Дзяўчына з Беларусі піша ліст у Польшчу пра тое, што беларусы – мірныя людзі, яны супраць вайны ва Украіне, і не хочуць, каб у замежжы думалі, што яны на баку захопнікаў.
Пра свой неспадзяваны ад’езд ксёндз Андрэй Бульчак распавёў у відэаінтэрв’ю ксяндзу Вячаславу Барку, таксама вымушанаму ўцекачу з Беларусі. Ксёндз Вячаслаў, у мінулым пробашч у Расонскім касцёле, ужо доўгі час вядзе ўласны youtube-канале. Следчы камітэт распачаў праверку некаторых відэаролікаў на наяўнасць «экстрэмізму», і апроч гэтага, святару давялося адбыць 10 сутак арышту за допісы ў сацыяльных сетках, у якіх міліцыянты ўбачылі памкненне да распаўсюду фашыстоўскай сімволікі.
Ксёндз Андрэй мае спадзяванне, што яшчэ зможа вярнуцца ў Беларусь, бо тут прайшла значная частка ягонага жыцця – 14 гадоў. Падчас ягонага святарства ў Чашніках быў збудаваны новы касцёл, а потым ксяндза перавялі на працу ў Паставы, дзе ён таксама кіраваў будаўніцтвам новага касцёла. На сёння гэты будынак ужо практычна гатовы і вымагае толькі ўнутраных працаў.
Эмілія Протас