На падставе рашэньня суду Першамайскага раёну Віцебску па грамадзянскай справе № 2-2368-2012 суд пастанавіў: “Выселіць Гайдэль Ірыну Аляксандраўну з залежным ад яе непаўнагадовым дзіцем Лобанем Русланам Вітальевічам, 2002 году нараджэньня з кватэры 18, дому 24, корпус 6 па вуліцы Чкалава ў г. Віцебску без даваньня іншага жылога памяшканьня. Прызнаць дамову найму жылога памяшканьня дзяржаўнага жыльлёвага найму, заключанага паміж Віцебскім гарадзкім выканаўчым камітэтам і Лобанем Віталём Уладзімеравічам ад 08.12.2012 году - несапраўдным”.
Ірына Гайдэль - маці-адзіночка, на ўтрыманьні якой знаходзіцца 10-гадовы сын. Былы муж Віталь Лобань зьяўляецца супрацоўнікам ДАІ.
Як лічыць Аляксандар Мікулін, суд парушыў прынцыпы спаборнасьці і роўнасьці бакоў, што выявілася ў ігнараваньні пададзеных Ірынай Гайдэль доказаў; гэта сьведчыць пра прадузятае і нэгатыўнае да яе стаўленьне з боку суду. На думку юрыста, суд таксама парушыў прынцып высьвятленьня сапраўдных абставінаў справы. Віталя Лобаня (былога мужа Ірыны) абвінавацілі ў наўмысных дзеяньнях па ўвядзеньні ў зман дзяржаўных ворганаў пры падпісаньні дамовы найму жылога памяшканьня ў дамох дзяржаўнага жыльлёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Па сутнасьці - канстытуцыйнае права на жытло яму паставілі як злы і наўмысны намер па дасягненьні ў вырашэньні жыльлёвай праблемы, што ўзьнікла ў яго.
Справы вырашаюцца на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Аднак суд праігнараваў пункты 15 і 16 пастановы Пленума Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2007 г. № 8 “Аб практыцы прымяненьня судамі жыльлёвага заканадаўства па справах аб скасаваньні дамовы найму жылога памяшканьня і высяленьні”. Судам прадпісана дасьледаваць прыналежнасьць спрэчнага жытла да ліку службовых. І ў выпадках, калі жытло не аднесенае да ліку службовага ў парадку, вызначаным ч.2, арт.91 ЖК і п.73 палажэньня, то статус службовага жылога памяшканьня не распаўсюджваецца.
У ходзе судовага разбору судом выяўлена, што статус службовага жылога памяшканьня спрэчнай кватэры прысвоены шляхам унясеньня зьменаў у рашэньне № 1074 ад 1997/12/24 г Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту “Аб жыльлёвых пытаньнях» толькі праз 15 гадоў, 3 лютага 2012 году рашэньнем № 157 Віцебскім гарадзкім выканаўчым камітэтам.
Дзеяньні Віцебскага выканаўчага камітэту супярэчаць п.73 Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 565, які забараняе заселенае грамадзянамі памяшканьне адносіць да катэгорыі службовага памяшканьня.
Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь” прадугледжваецца, што “нарматыўна-прававы акт ня мае зваротнай сілы, гэта значыць не распаўсюджвае сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі да яго ўступленьня ў сілу, за выключэньнем выпадкаў, калі ён зьмякчае або адмяняе адказнасьць грамадзян…”. Рашэньні выканаўчага камітэту ёсьць ня што іншае, як лякальны нарматыўна-прававы акт.
Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт парушыў закон ад 28 кастрычніка 2008 году “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”, які прадугледжвае права абскардзіць прынятыя рашэньні зацікаўленай асобай - Гайдэль Ірынай.
Чаму судзьдзя не ўзяла пад увагу патрабаваньне п.19 пастановы Пленуму Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь № 9 ад 2007 г “Аб некаторых пытаньнях прымяненьня судамі жыльлёвага заканадаўства” можна толькі здагадвацца. А пленум трактуе сытуацыю гэтак: “У адпаведнасьці з ч. 2 арт. 62 ЖК патрабаваньне аб прызнаньні несапраўдным дамовы найму жылога памяшканьня дзяржаўнага жыльлёвага фонду можа быць заяўленае на працягу трох гадоў з дня заключэньня такой дамовы”. На сёньняшні дзень ужо прайшло 7 гадоў.
Пракуратура Першамайскага раёну Віцебску вынесла пратэст на рашэньне суду першай інстанцыі. У цяперашні час скарга Гайдэль Ірыны і пратэст пракуратуры знаходзяцца на разглядзе ў касацыйнай інстанцыі Віцебскага абласнога суду.
“Дэпутат Грамадзянскага дамовы” Аляксандар Мікулін, які зрабіў заключэньне, лічыць, што “ў Ірыны Гайдэль адбіраюць кватэру нахабна, бо тэрміны пазоўнай даўнасьці па гэткіх справах складаюць 3 гады (артыкул 62, частка 2 жыльлёвага кодэксу)”. “Судовы працэс ініцыяваў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Такога кшталту справы пачаліся пасьля карупцыйных чыстак у сыстэме дзяржворганаў, калі пачалі рабіць рэвізію ў спэцыяльным фондзе службовых кватэр”, - распавёў Аляксандар Мікулін.