Між тым, сапраўдных «ліквідатараў» на службе ў саборы з кожным годам бывае ўсё меней. І ўсё болей у шэрагах прысутных гарадскога і абласнога начальства, выхаванцаў «кадэцкіх» класаў і прадстаўнікоў МНС.
Яшчэ ў пачатку 2000-х віцебскія ўдзельнікі захадаў па ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС заснавалі традыцыю запускаць па Дзвіне вянок з жалобнай стужкай. Аднак у апошнія гады гэтыя дзеянні кваліфікаваліся як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і «ліквідатараў» афіцыйна папярэджвалі пра недапушчальнасць правапарушэнняў. Таму традыцыя паступова знікла, тым болей, што пайшлі з жыцця і некаторыя яе захавальнікі.
«Знайшліся і тыя, хто спрабаваў палітызаваць гэтую падзею, выкарыстоўваць як нагоду для самапіяру і дэстабілізацыі абстаноўкі ў грамадстве», -- сказаў сёння ў каментары БЕЛТА колішні старшыня Віцебскага аблвыканкаму, а цяпер старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. І тут жа сам звёў да «палітыкі» нагоду ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю, заявіўшы, што «мы ніколі не дазволім спекуляваць памяццю і манкіраваць свяшчэннымі для кожнага беларуса паняткамі: свабода, незалежнасць, родная зямля, Айчына».
Дарэчы, якраз гэтымі днямі пачаліся выплаты матэрыяльнай падтрымкі да Дня Перамогі. Але нідзе не чуваць, каб матэрыяльную падтрымку да чарговых угодкаў трагедыі ў Чарнобылі аказалі «ліквідатарам», што паклалі сваё здароўе, а то і жыццё, змагаючыся з нябачным ворагам – радыяцыяй. Больш за тое: ужо шмат гадоў, як іх пазбавілі сацыяльных ільготаў, якія маглі б хоць у нейкай ступені кампенсаваць наступствы працы ў «зоне». Такі падыход дэманструе сапраўднае стаўленне да заслужаных людзей з боку уладаў, якія хіба што раз на год успамінаюць трагічную дату.
Таццяна Віктарава