Субота, 13 Май 2023

У Бягомльскім лясгасе з’явілася дрэваапрацоўчая лінія, прадукцыя якой, магчыма, у абыход санцый пастаўляецца ў краіны Еўразвязу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фото Ілюстрацыйнае фото

12 траўня на базе Бягомльскага лясгаса адкрылі новую дрэваапрацоўчую лінію "Mebor". Кошт лініі складае 1 мільён 952 тысячы рублёў. Яна паступіла на вытворчасць са Славеніі.

Як зазначаюць на прадпрыемстве, гэтая  лінія спалучае ў сабе асноўныя перавагі стужачнага пілавання: тонкі прапіл і магчымасць індывідуальнага раскрою пілавачніка. Пры 12-гадзіннай змене пілуе 75 кубічных метраў круглага лесу з нормай выдатку сыравіны на адзін кубаметр дошкі - 1,9 м3 кругляка.

У гэты дзень на базе Бягомльскага лясгаса прайшла і выязная калегія Віцебскага ДВЛГА з удзелам генеральнага дырэктара абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Юрыя Ліпскага.

Як піша сайт dokshitsy.by, удзельнікі калегіі наведалі дрэваапрацоўчыя цэхі, рамонтныя майстэрні, Параф'янаўскае лясніцтва, участак па адгрузцы вагонаў, лясны гадавальнік, Бягомльскае доследна-вытворчае лясніцтва. А на пленарным пасяджэнні цэнтральную ўвагу засяродзілі пытанням выканання лясгасамі Віцебскай вобласці прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2023 года, а таксама эфектыўнасці загрузкі і мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага абсталявання. Бо, вядома, што рэалізацыя лесапрадрадукцыі – адна з асноўных крыніцаў прыбытку дзяржавы.

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну Еўрасаюз забараніў увозіць драўніну з Расеі і Беларусі, хаця яны былі найбуйнейшымі пастаўшчыкамі ЕС. Гэта павінна было каштаваць краінам-агрэсарам мільярдаў еўра. Але, як высветлілі Беларускі расследавальны цэнтр (BIC), Siena і сетка партнёраў OCCRP, лесапрамысловыя кампаніі абыходзяць санкцыі, выкарыстоўваючы фальшывыя дакументы, у якіх указана, што іх тавар з Казахстана ці Кыргызстана.

Пасля ўвядзення санкцый ЕС кошты на драўніну рэзка павысіліся. Журналісты знайшлі некалькі кампаній, якія адкрыта прапануюць аформіць фальшывыя дакументы на расейскую і беларускую драўніну, каб кліенты маглі прадаваць яе ў Еўропе.

Паводле афіцыйных звестак, аб'ём імпарту драўніны ў ЕС з Казахстана або Кыргызстана значна вырас. У 2020 і 2021 гадах кошт паставак адтуль складаў прыкладна 445 тысяч еўра. А пасля ўвядзення санкцый толькі з чэрвеня па кастрычнік 2022 аб'ём продажаў перавысіў 30 мільёнаў еўра. Але ў Казахстане ці Кыргызстане лясы пакрываюць менш за шэсць працэнтаў тэрыторыі і ў канцы 2021 года быццам абедзве краіны спынілі экспарт большасці відаў драўніны.

Беларускі расследавальны цэнтр устанавіў, што як толькі санкцыі на беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі пад кодам 44 (пілаваны брус і дошкі, фанера і ДСП, драўняныя пялеты і брыкеты - НВ) уступілі ў сілу, экспарт гэтай прадукцыі ў 2022 годзе з Казахстана ў ЕС вырас у 74 разы, а з Кыргызстана – амаль у 18 тысяч разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года.

Паводле звестак Еўрастата, большая частка драўніны, увезенай нібыта з Сярэдняй Азіі, аказалася ў Літве, Польшчы, Германіі, Нідэрландах і Латвіі.

 Сяргей Азёрны