Сустрэча ў Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы называлася «Дзень выбара прафесіі». Маладым людзям раздавалі агітацыйныя матэрыялы, давалі патрымаць у руках зброю, дазвалялі прымерыць міліцэйскую форму. Хаця якраз у гэтых сценах больш лагічным было б распавядаць пра поспехі сельскай гаспадаркі ці наадварот – пра яе праблемы, якія магла б паспрабаваць вырашыць моладзь са спецыяльнай адукацыяй...
Заклікі папоўніць шэрагі супрацоўнікаў сілавых структур, а таксама следчых органаў цягам апошніх месяцаў рэгулярна з'яўляюцца на старонках раённых газет Віцебшчыны. Прыкладам, Шаркоўшчынскі аддзел следчага камітэта рэгулярна заклікае моладзь праз газету «Кліч Радзімы» паступаць у акадэмію МУС, а таксама ў Віцебскі і Полацкі дзяржаўныя універсітэты, каб набыць спецыяльнасці, неабходныя для працы ў СК. У раённым следчым камітэце гатовыя даць рэкамендацыі ахвотным, калі, вядома, не маюць «ідэалагічных хібаў».
Абласная газета «Витебские вести» днямі апублікавала артыкул «Как стать лицеистом МВД» з рэкламай новай спецыялизаванай навучальнай установы – Магілёўскага спецыялізаванага ліцэя МУС, які распачне працу з новага навучальнага года. Прымаць туды будуць вучняў, якія скончылі 6-ты клас агульнаадукацыйнай школы, а ў першы год – выпускнікоў 7, 8 , 9 і 10-х класаў. У пераліку дакументаў для паступленне згадваецца характарыстыка з месца вучобы, бо прымаць будуць тых, хто «нацэлены на выдатную вучобу, высокія дасягненні, а галоўнае – з'яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны».
Захады па папулярызацыі прафесій, звязаных з працай у МНС, міліцыі, а таксама вайсковых спецыяльнасцяў заўважныя і непасрэдна ва ўстановах сярэдняй адукацыі. Прыкладам, у раздзеле «Прафарыентацыя» на сайце СШ №35 г. Віцебска самыя першыя прапановы – наступныя:
«Хочешь стать спасателем? Поступай в учреждения образования МЧС!», «Академия МВД РБ и Могилёвский институт МВД РБ приглашает абитуриентов», «Управление Следственного комитета по Витебской области приглашает абитуриентов» і «Органы пограничной службы в 2024 году осуществляют набор курсантов по следующим специальностям (специализациям)». Звесткі пра ВНУ «мірных прафесій» тут толькі мінулагоднія.
На сайце Фарынаўскай сярэдняй школы Полацкага раёна ў рубрыцы «Прафарыентацыя» размешчаны графік так званых «Дзён адчыненых дзвярэй» у навучальных установах вайсковага профілю і таксама запрашэнні паступаць у Акадэмію МУС і іншыя ВНУ з перспектывай працаваць у міліцыі і следчым камітэце. На сайце Докшыцкая сярэдняй школы №2 – прыблізна тая самая карціна: 30 студзеня тут правялі сустрэчу з былым выпускніком школы, які ўжо вучыцца ў Магілёўскім інстытуце МУС, а ў пачатку мінулага месяца тут з'явілася аб'ява з запрашэннем на вучобу ад МНС. У мінулым годзе, як паведамляе школьны сайт, вучняў рознага ўзросту рэгулярна вазілі на сустрэчы з супрацоўнікамі Докшыцкага РАУС, а вось матэрыялаў пра ВНУ, дзе рыхтуюць настаўнікаў, лекараў або праграмістаў у прафарыентацыйным раздзеле практычна няма.
Наталля Масквіна