Нядзеля, 17 Сакавік 2024

Летась на Мёршчыне было выяўлена 532 парушэнні аховы працы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Там створаная так званая мабільная група з прадстаўнікоў райвыканкама, праваахоўных і кантрольна-наглядных органаў, прафсаюзаў, якая павінна аказваць практычную і метадычную дапамогу наймальнікам у выкананні заканадаўства аб ахове працы. Летась яны 63 разы наведалі арганізацыі і  выявілі 532 парушэнні, 12 % якіх  ліквідавалі ў рабочым парадку. Большасць з іх не патрабавала значных фінансавых выдаткаў. Іх прычына – неналежны кантроль за выкананнем работнікамі і службовымі асобамі патрабаванняў па ахове працы. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Мёрскага райвыканкама Вячаслаў Бялько.

Па словах Вячаслава Бялько, тыповыя парушэнні, яны ж і фактары рызыкі, якія ў любы момант могуць прывесці да траўматызму: неправедзеныя супрацьгалалёдныя мерапрыемствы; эксплуатацыя станкоў і абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням заканадаўства, стварае пагрозу жыццю і здароўю; невыкарыстанне супрацьадкатных упораў пад колы сельскагаспадарчай тэхнікі пры яе рамонце; допуск людзей да работы без сродкаў індывідуальнай аховы; адсутнасць ці неўкамплектаванне аптэчкі першай дапамогі; адсутнасць у вытворчых памяшканнях першасных сродкаў пажаратушэння; незахаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў у санітарна-бытавых памяшканнях.

Аналагічныя парушэнні выяўляе санітарная служба раёна. Па выніках аглядавых мерапрыемстваў яна выдала 22 прадпісанні і дзве рэкамендацыі.

У выніку, як паведамляе Вячаслаў Бялько, у арганізацыях Мёрскага раёна прывялі ў адпаведнасць з патрабаваннямі шэсць санітарна-бытавых памяшканняў мясакамбіната і Мёрскага ПМС, выдзелілі 63 пуцёўкі на аздараўленне, укаранілі сістэму кіравання аховай працы Металапракатнай кампаніі, а таксама актуалізавалі яе ў 21 арганізацыях. Прыведзены ў адпаведнасць з гігіенічнымі нарматывамі 50 рабочых месцаў, зніжаны клас шкоднасці на 87-і.

Разам з тым ва ўмовах павышанага ўзроўню шуму заняты 254 чалавекі, вібрацыі – 119, запыленасці – 2, загазаванасці – 25, павышанага ўзроўню неіанізуючых палёў і выпраменьванняў – 7, іншых шкодных фактараў – 203.

Кампенсацыі па ўмовах працы атрымліваюць 503 чалавекі. Дадатковы адпачынак і павышаны заробак прадастаўлены 503. 14-і пацвердзілі права на прафесійнае пенсійнае страхаванне. 26 работнікаў узамен яго атрымліваюць штомесячную даплату да заробку, 72 бясплатна забяспечаныя малаком.

На паляпшэнне ўмоў працы на рабочых месцах у Мёрскім раёне выдаткавана звыш 381 тысячы рублёў.

За 2023 год абавязковы медагляд прайшлі 1 136 работнікаў.

З кіраўнікамі і службовымі асобамі, якія дапусцілі парушэнні норм і правіл заканадаўства па ахове працы, што выклікала цяжкія наступствы, а таксама з работнікамі, якія знаходзіліся на рабочым месцы або на тэрыторыі арганізацыі ў стане алкагольнага ап’янення, разрывалі кантракты. Такіх двое. За прагулы і іншыя парушэнні выканаўчай і працоўнай дысцыпліны звольнена 74 чалавекі.

За парушэнне вытворча-тэхналагічнай дысцыпліны прыцягнутыя 26 службовых асоб і 22 работнікі. Пецярых пазбавілі дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да года.

Летась на вытворчасці ў Мёрскім раёне, па статыстыцы ўладаў, атрымаў траўму адзін чалавек.

Людміла Жох