Панядзелак, 07 Красавік 2025

Пад ціскам грамадскасці справа з мастом у Оршы скранулася з месца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Але  калі насельнікі мікрараёна каля аршанскага мясакамбіната змогуць карыстацца новым пуцеправодам цераз чыгунку, пакуль не вядома. Старшыня райвыканкама Ігар Мароз кажа адно, але ў дакументах напісана іншае. Хуткае вырашэнне пытанне падаецца сумнеўным яшчэ і таму, што плануецца знос старой канструкцыі даўжынёй 83 метры і ўзвядзенне абсалютна новай, даўжынёй ажно  259 метраў

Пра мост, які злучаў бы вуліцу Шклоўскую з прыватным сектарам, гаварылася яшчэ ў савецкія часы. Але збудавалі яго толькі ў пачатку 1990-х. Для мясцовых жыхароў ён аказаўся вельмі нязручным: занадта высокім. Ды ўсяго, ён быў выраблены з няякасных матэрыялаў, таму бетонныя прыступкі пачалі «абсыпацца» практычна пасля першага зімовага сезона. У траўні 2022 года было афіцыйна вызначана, што мост знаходзіцца ў перадаварыйным стане. Для эксплуатацыі ён быў закрыты яшчэ 1 верасня 2023 года. І толькі мінулай восенню пачаўся  разбор канструкцый.

Тым часам мясцовыя жыхары вымушаныя хадзіць на прыпынкі грамадскага транспарту ці на працу далека ў абыход, ці спускацца да рэек і пераходзіць іх у неўсталяваным месцы. Першае -нязручна, другое - небяспечна...

У 2024 годзе праектна-сметная дакументацыя, вырабленая КУП «Оршанская спецавтобаза», не прайшла дзяржаўную экстпертызу. І пра гэта амаль на год «зыбыліся» . Толькі пасля зваротаў грамадзян прадпрыемства «Оршанская спецавтобаза» накіравала ліст да кіраўніцтва Беларускай чыгункі, каб унесці неабходныя змены ў тэхнічныя патрабаванні. Справа, падобна, скранулася з месца, бо 5 красавіка падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Мароз  паведаміў, што з праектам справа вырашана, ен прайшоў экспретызу, і цяпер ідзе тэндэр па пошуку падрадчыкаў.  Таксама ён паабяцаў, што новы мост з'явіцца да канца гэтага года.

 Аднак па ўмовах тэндэра, працы разлічаны на 14 месяцаў. Гэта значыць, пры самым бодрым раскладзе мост будзе адкрыты хіба да канцы наступнага лета, бо працы плануць распачаць толькі сёлета 1 чэрвеня.

Зрухі, урэшце рэшт, усе-ткі спараджаюць надзею. Але не на тое, што улады стрымаюць сваё слова. А хаця б на тое, што неабыякавасць грамадскасці не дасць гэтую справу  ператварыць у яшчэ адзін “даўгабуд”.

Юрка Жмых