Чацвер, 07 Жнівень 2025

Названы кошт аршанскага флагштока, узведзенага “па просьбах моладзі”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Абласная газета “Витебские вести” упершыню назвала суму, у якую абыходзіцца новы флагшток Аршанскаму раённаму бюджэту. Кошт аб'екта склаў 2 мільёны 60 тысяч рублёў, і гэта яшчэ не фінальныя лічбы. Таксама дзяржСМІ паведаміла , быццам бы стварэнне будучай плошчы Дзяржаўных сімвалаў - гэта ініцыятыва гараджан, выказаная "ў ходзе зносін кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама з насельніцтвам і моладдзю горада".

Паводле абласной газеты,  месца для будучай Плошчы дзяржаўных сімвалаў таксама выбіралі гараджане. Нагадаем, пляцоўку пад флагшток абсталёўваюць проста на тэрыторыі парка Герояў”. Летась тым пад гэты новы аб’ект гарадской інфраструктуры высеклі частку дрэваў.

 Флагшток вышынёй 58м ужо ўсталяваны  на пастаменце, на якім пазней  будзе размешчаны і дзяржаўны герб.  Побач з флагштокам прадугледжана ўстаноўка асобнай архітэктурнай канструкцыі – стылізаванай выявы сцяга з размяшчэннем на ім словаў гімна Рэспублікі Беларусь. Таксама праектам прадугледжана ўладкаванне падсветкі і будаўніцтва стаянкі для турыстычных аўтобусаў.

 Скончыць працы абяцаюць у  апошніх ліках жніўня. Пакуль  гэта выглядае праблематычна - яшчэ вельмі шмат нязробленай працы. На ўсялякі выпадак, закладзены запас часу : новую плошчу збіраюцца адкрыць 17 верасня, у Дзень народнага адзінства. Гэта новае дзяржсвята, заснаванае ўказам Лукашэнкі ў 2021 годзе неўзабаве пасля масавых пратэстаў . З ідэалагічнага пункту погляду яно мусіць прадэманстраваць агульныя памкненні ўсяго беларускага народа, хаця падзеі 2020-га прадэманстравалі  вялізны раскол паміж кіруючымі ўладамі і простымі людзьмі.

Юрка Жмых