Аўторак, 14 Красавік 2026

Улады анансавалі ваенна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў. Яны закрануць і падлеткаў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Міністэрстве адукацыі агучылі парадак і асаблівасці правядзення вучэбна-палявых збораў для вучняў 10-х класаў у 2026 годзе. Зборы для юнакоў 10-х класаў пачнуцца адразу пасля завяршэння навучальных заняткаў з 25 траўня, іх працягласць складзе 10 дзён (60 навучальных гадзін).

Як паведамляюць у Міністэрстве адукацыі, асноўная мэта збораў - удасканаленне прадметных кампетэнцый і адпрацоўка практычных навыкаў па вучэбным прадмеце "Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка".

 Зборы пройдуць у фармаце кругласутачнага знаходжання вучняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да ўмоў вайсковай часткі. Як зазначаюць у Мінадукацыі, калі арганізаваць такі фармат немагчыма, заняткі пройдуць у тыя ж тэрміны на базе школ і гімназій. Падчас збораў прадугледжана цеснае ўзаемадзеянне з вайсковымі часткамі, ваеннымі кафедрамі, факультэтамі і профільнымі ВНУ.

 Для дзяўчат у гэты ж перыяд арганізуюцца практычныя заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы, таксама 60 гадзін. Яны будуць праходзіць на базе ўстаноў аховы здароўя, рэгіянальных падраздзяленняў Чырвонага Крыжа ці МНС.

 Вызваленне ад збораў магчымае толькі па медыцынскіх паказчыках.

І хоць гэтыя зборы падаюцца Міністэрствам адукацыі як фармальна адукацыйная мера, але ў сучасным беларускім кантэксце яны выглядаюць значна шырэй, чым проста школьная практыка.

Вядома, прадмет  “дапрызыўная падрыхтоўка” існаваў у Беларусі і раней, але змена фармату (кругласутачнае знаходжанне, умовы, набліжаныя да вайсковых, павелічэнне працягласці) паказвае на ўзмацненне мілітарызацыі адукацыі. Гэта ўжо не толькі тэорыя і базавыя навыкі, а спроба пагрузіць падлеткаў у дысцыпліну і побыт, падобных да вайсковых.

Трэба дадаць, што ўсё гэта адбываецца на фоне рэальных падзей апошніх гадоў: вайна Расіі супраць Украіны і ўдзел Беларусі як саюзніка (у тым ліку прадастаўленне тэрыторыі), пастаянныя заявы беларускіх уладаў пра “знешнія пагрозы”, агульная мілітарызацыя дзяржаўнай рыторыкі і павелічэнне ролі сілавых структур у грамадстве.

У гэтым кантэксце падрыхтоўка школьнікаў выглядае як частка дзяржаўнай палітыкі на выпадак крызісных сцэнарыяў — не абавязкова непасрэднай вайны, але як мінімум павышанай гатоўнасці.

Ян Мірны