Пракуратура выявіла парушэньні пры распараджэньні дзяржмаёмасьцю ў Віцебскай вобласьці, паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласьці Натальля Сеўрукова, камэнтуючы вынікі праведзенай праверкі: “Асобныя парушэньні заканадаўства аб распараджэньні нерухомай маёмасьцю сьведчаць пра недастатковы кантроль з боку мясцовых выканкамаў за распараджэньнем камунальнай уласнасьцю”, - сказала Натальля Сеўрукова.

Старшыня Гарадоцкага райпо Натальля Палюховіч, якая не падрыхтавала месца для рынку па вуліцы Спартыўнай у Гарадку ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства, пазбаўленая працы. Усё адбылося нібыта “па ўласным жаданьні” звольненай. Яна не дапрацавала месяц да свайго 60-годзьдзя.

Шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў Віцебскай вобласьці прыцягнутыя да адказнасьці за парушэньне патрабаваньняў указу № 630 “Аб рэагаваньні службовых асоб на крытычныя выступы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”. Факты парушэньняў выяўленыя Камітэтам дзяржкантролю падчас правядзеньня кантрольных мерапрыемстваў.

Надоечы адбылося ўрачыстае адкрыцьцё грамадзкага пункту аховы правапарадку №4 у Кастрычніцкім раёне Віцебску. Ён разьмяшчаецца на вуліцы Гагарына, насупраць адміністрацыйнага будынку ААТ «Кераміка». Гэты мікрараён - адзін з самых небясьпечных у абласным цэнтры, таму міліцэйскі «пляцдарм» у непасрэднай блізкасьці ад Себяхоў стане дадатковым гарантам падтрыманьня правапарадку на гэтай тэрыторыі.

Супрацоўнікамі Аршанскага міжраённага аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласьці затрыманы грузавы аўтафургон, у якім перавозілася бытавая тэхніка. Жыхар Менскай вобласьці, які знаходзіўся за стырном аўтамабіля, ня змог прад’явіць на тавар (мультываркі, фотаздымачы, электрачайнікі і інш.) суправаджальныя дакумэнты, аформленыя належным чынам. Бытавая тэхніка (усяго - 93 адзінкі) коштам больш за 400 млн. рублёў арыштаваная і канфіскаваная.