Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў ад імя прафсаюзнай арганізацыі зьвяртаўся да старшыні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятланы Варатынскай. Сьледчы камітэт ня стаў разглядаць заяву і выносіць працэсуальны дакумэнт, прадугледжаны КПК, а адказаў адпіскай, у якой начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян С. Тухто паведаміў спадару Місьнікаву, што зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску завяршыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава супраць намесьніка гендырэктара УКВП «Віцебская гарадзкая ЖКГ» Вадзіма Ільінца. На думку палітыка, чыноўнік, не заключыўшы зь ім дамову на прыборку тэрыторыі пасьля правядзеньня меркаванага шэсьця і мітынгу, парушыў яго грамадзянскія і палітычныя правы ды прычыніў яму маральную шкоду. Судзьдзя Вікторыя Лешчанка пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды не задаволіла.

Раскрытая крымінальная справа, заведзеная па факце хуліганскіх дзеяньняў з выкарыстаньнем самаробнага выбуховага прыстасаваньня ля адміністрацыйнага будынку ўпраўленьня КДБ Беларусі па Віцебскай вобласьці 11 лістапада. Пра гэта паведамілі 20 лютага на сумесным брыфінгу начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін і начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў. У зьдзяйсьненьні злачынства абвінавачваецца жанчына, раней судзімая за пашкоджаньне маёмасьці, хуліганства і крадзяжы.

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя ў гаспадарках рэгіёну факты безгаспадарчасьці на працягу 48 гадзін. Пра гэта ён заявіў 12 лютага на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, прысьвечанай рэалізацыі патрабаваньняў Дырэктывы № 3 “Эканомія і ашчаднасьць - галоўныя чыньнікі эканамічнай бясьпекі дзяржавы” і ўказу “Аб абвяшчэньні 2013 году Годам ашчаднасьці”.

Лекар зь Віцебску Ігар Пастноў, які быў звольнены з ранейшай пасады пэдыятра па скарачэньні, як ён кажа — з-за крытыкі мясцовых уладаў, працаўладкаваўся псыхіятрам: «Пахадзіў я пахадзіў, спачатку прыйшоў зьдзеклівы адказ з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя, маўляў, едзьце на раён, зьвярніце на біржу, мы дапаможам вам зь перасяленьнем. Я стаў на чаргу на біржы. Потым мне прыйшло прызначэньне лекарам-псыхіятарам у абласную больніцу. Сёньня першы дзень. Але гэта параноя ўлады. Мяне, лекара з 15-гадовым стажам лекара-пэдыятара, накіравалі працаваць па асноўнай маёй спэцыяльнасьці лекара-псыхіятара. У нас на ўчастках лекараў-пэдыятраў не хапае. А мяне не бяруць, кажуць — няма месцаў. Людзі па два ўчасткі вядуць, школы пустыя».