Чорная кніга Беларусі — ініцыятыва па апублічванні даных тых, хто датычны да рэпрэсій. За перадачу звестак ёй затрымалі нямала людзей. Выявілася, дзевяць месяцаў там працаваў губазікавец — у нейкі час яму нават даверылі кіраваць ініцыятывай. Трывожныя званочкі былі амаль адразу, як з'явіўся гэты Артур Гайко, аднак на іх заплюшчвалі вочы. Гісторыю агента расказаў Белсат.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна паведаміла СМІ аб тым, што ў цяперашняй сітуацыі прамысловы комплекс найбольш пацярпеў ад санкцыйнага ціску. У цэлым па годзе ўладамі ацэньваецца недабор выручкі па прамысловасці каля 1 мільярда рублёў. Але на гэтым кепскія навіны аб стане рэгіянальнай эканомікі не скончыліся.

Мясцовыя міліцыянты атрымалі распараджэнне звяртаць увагу на расейскія нумары аўтамашын на паркоўках і ўсталяваць кантакты з тымі, хто здае кватэры «на суткі», а таксама правяраць дакументы ў грамадзян прызыўнога ўзросту, якія па тых ці іншых прыкметах падаюцца падобнымі да ўцекачоў з-за ўсходняй мяжы. Новыя абавязкі на беларускіх сілавікоў усклалі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвесціў аб правядзенні мабілізацыі 21 верасня, і жыхары Расейскай Федэрацыі масава пачалі ўцякаць за межы сваёй краіны.

Дзяржаўнае прадпрыемства "Эксперыментальная база "Тулава" з 17 жніўня знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Яно мае 2 млн. рублёў доўгу, ёсць запазычанасці выплат у бюджэт і ў пенсіённы фонд. Але ліквідацыя сельгаспрадпрыемства адкрывае перад уладамі Віцебска магчымасць выкарыстання яго земляў пад камерцыйную забудову.

Вытворчасць прамысловай прадукцыі на Віцебшчыне ў студзені - жніўні 2022 года ўпала на 6,3% у параўнанні з тым жа перыядам у 2021 годзе. Адпаведна: валавы рэгіянальны прадукт паменшыўся на 2,7%, спажывецкія кошты падскочылі на 15,5%, падатковыя паступленні дадалі 12,8%. Пра гэта паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці.