Панядзелак, 30 Жнівень 2021

Камітэт па правах чалавека разгледзіць скаргу праваабаронцы Ірыны Траццяковай

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)

У жніўні 2021 году сябра праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) Ірына Траццякова накіравала індывідуальнае паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека. Яна лічыць, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы, а таксама права на справядлівы разбор яе справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом.

19 чэрвеня 2020 году Ірына Траццякова па заданні БХК ажыццяўляла ў Віцебску маніторынг мірнага сходу. Незразумела, з якой прычыны ўлады палічылі яе удзельнікам масавага мерапрыемства, а не назіральнікам, і 10 сакавіка 2021 году суд Чыгуначнага раёна Віцебску (суддзя Святлана Варатынская) прыцягнуў Траццякову да адміністрацыйнай адказнасці. Згодна з пастановай суду, за ўдзел у акцыі Ірына была аштрафаваная на 580 рублёў.

Згодна з працэсуальным законам, праваабаронца абскардзіла пастанову суддзі Варатынскай у Віцебскім абласным судзе. Аднак аблсуд, у асобе суддзі Андрэя Прэйса, пакінуў скаргу без задавальненьня, і рашэнне суду Чыгуначнага раёну набыла законную моц.

Прайшоўшы ўсе інстанцыі па абароне сваіх грамадзянскіх правоў і права публічна выконваць абавязкі ў межах статуту праваабарончай арганізацыі, Ірына Траццякова звярнулася з індывідуальным паведамленнем у Камітэт ААН па правах чалавека.

Трэба нагадаць, што ў заўвагах агульнага парадку №37 Камітэт звярнуў увагу уладаў на тое, што асабліва важную ролю ў поўным ажыццяўленні права на мірныя сходы адыгрываюць журналісты, праваабаронцы, назіральнікі на выбарах і іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у маніторынгу або справаздачнасці. Гэтыя асобы маюць права на абарону ў адпаведнасці з Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ім не можа быць забаронена выконваць гэтыя функцыі, нельга неабгрунтавана абмяжоўваць іх выкананне, у тым ліку ў частцы маніторынгу дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

У заўвагах таксама пазначана, што грамадзянскія актывісты і журналісты не павінны падвяргацца рэпрэсіям або пераследам у іншай форме, а іх абсталяванне не мусіць канфіскоўвацца або быць пашкоджаным. Нават калі сход абвешчана незаконным або разагнаны, гэта не азначае спынення права весці маніторынг. Маніторынг сходаў з'яўляецца адным з прыкладаў належнай практыкі для незалежных нацыянальных праваабарончых устаноў і няўрадавых арганізацый.

«Пры разглядзе справы Ірыны Траццяковай суд не быў кампетэнтным. Накладанне на яе адміністрацыйнага спагнання за ажыццяўленне маніторынгу мірнага сходу ёсць не што іншае, як ухіленне Рэспублікі Беларусь ад узятых на сябе абавязкаў па недапушчальнасці ўчынення дзеянняў, накіраваных на знішчэнне правоў і свабод, прадугледжаных Пактам», – лічыць праваабаронца Павел Левінаў.

Праваабаронца спадзяецца, што скарга будзе зарэгістраваная і КПЧ ва ўстаноўленыя тэрміны разгледзіць зварот Ірыны Траццяковай па сутнасці.

Леон Яфрэменка