Імпрэза сталася для літаратараў вечарам успамінаў і асэнсаваньня свайго мінулага.
«Не адказваем за тое, што пачуеце»
На пачатку сустрэчы Альгерд Бахарэвіч паабяцаў, што яны з жонкай «будуць чытаць свае і чужыя тэксты, размаўляць пра літаратуру, адкажуць на інтымныя, жахлівыя, на непрыемныя і прыемныя пытаньні…»
Абазначыўшы сустрэчу як вечар вольнай літаратуры, Альгерд Бахарэвіч вымушаны быў іранічна папярэдзіць: «Калі сярод вас ёсьць людзі да 18-ці, у якіх слабая нэрвовая сыстэма, цяжарным жанчынам, пажылым людзям, вэтэранам вайны якой-небудзь, я адразу скажу, што мы не нясем адказнасьці за тое, што вы тут сёньня пачуеце».
Падчас імпрэзы
У Віцебск Бахарэвіч не прывёз раман «Сабакі Эўропы», затое прывёз «Мае дзевяностыя». Юлія прэзэнтавала свой зборнік «Цырк», дзе ў асобных вершах знайшлі адлюстраваньне і «яе дзевяностыя», а таксама – пераклады шумерскай паэткі Энхедуаны.
«Мае дзевяностыя прайшлі ў палескай вёсцы»
Юлія Цімафеева ня толькі піша ўласныя вершы, але і перакладае зь іншых моваў. Апошнім часам, як удакладніў Альгерд, перакладае з нарвэскай. Першым паэтка прачытала верш «Цырк».
Я нарадзілася
з вандроўным цыркам унутры.
З цыркам, толькі падумай,
у палескай вёсцы.
Жанглёры, акрабаты,
барадатыя жанчыны…
Які сорам!
Прагучалі іншыя вершы, творы зь непаўторнай аўтарскай інтанацыяй і сэнсавымі нюансамі.
«Хто без ашыйніка – таму сьмерць…»
Як зазначыў Альгерд Бахарэвіч, ён таксама піша вершы, але паэтам сябе ня лічыць. Тым ня менш, напачатку вядомы празаік прачытаў сваіх «Сабакаловаў».
Што яны робяць, сабакаловы?
Едуць.
А калі прыедуць, што будуць рабіць?
Сабак лавіць,
І мераць, мераць,
Хто без ашыйніка – таму сьмерць, сьмерць!
Кніга пра настальгію і як яе перамагаць
Прэзэнтуючы «Мае дзевяностыя», аўтар зазначыў, што гэта кніга пра горад Менск, пра горад, «якога ўжо няма». Кніга аўтабіяграфічная, але з адным разьдзелам, выдуманым ад пачатку і да канца. Кніга пра настальгію і як яе перамагаць.
Альгерд Бахарэвіч
У 1990-я Бахарэвіч пачаў пісаць вершы, публікавацца, пазнаёміўся зь менскімі літаратарамі. Вучыўся ў БДПУ на факультэце беларускай філялёгіі і культуры, пасьля працаваў у школе. Граў у панк-гурце «Правакацыя».
«Хацелася б, каб і вы, дзякуючы гэтым тэкстам, прыгадалі свае 80-я, свае 90-я. Мае дзевяностыя – гэта раніца беларускай незалежнасьці… Але мы, цяперашнія, заўсёды лепшыя за нас папярэдніх. Сёньня, па-мойму, заўсёды лепшая вэрсія сябе. Я ў гэтым перакананы. «Мае дзевяностыя» – кніга больш цёплая, чым «Сабакі Эўропы». А заўсёды цяжэй чытаць цёплыя тэкст», – зазначыў пісьменьнік.
Тым ня менш, некалькі ўрыўкаў аўтар усё ж пачытаў. Мяркуючы па рэакцыі залі, тэксты вельмі спадабаліся.
Энхедуана загаварыла па-беларуску
У Віцебску Юлія Цімафеева ўпершыню прэзэнтавала кнігу шумерскай паэткі Энхедуаны, якая пісала 4300 гадоў таму. Энхедуана – першы ў сусьветнай літаратуры аўтар, вядомы па імені. Яна была дачкой акадзкага цара, жрыцай бога Нана, пісала гімны акадзкай багіні каханьня, плоднасьці, ураджайнасьці Інане. Як патлумачыла перакладчыца, Энхедуана першая зрабіла гэтую багіню багіняй вайны, ваяркай. Энхедуана гаварыла па-акадзку, але пісала па-шумерску.
Выступае Юлія Цімафеева
Па-руску і па-ўкраінску пераклады Энхедуаны, як адзначыла Юлія, яшчэ не выходзілі, так што беларусы тут першыя. Паэтка расказала, што падчас працы натхнялася перакладамі на ангельскую, падрадкоўнікамі з выкарыстаньнем лацінскага альфабэту ды сьпевамі гімнаў у ютубе. І прачытала слухачам урывак з паэмы.
Сустрэча, якая адбылася з ініцыятывы віцяблян Вікторыі Дашкевіч і Дзьмітрыя Весялова, скончылася адказамі на пытаньні. Пасьля гэтага зь вядомымі літаратарамі можна было сфатаграфавацца, набыць кніжкі.
С. Горкі, фота аўтара