Паводле следчых, мужчына мог планаваць вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху, бо меў доступ да пэўнага абсталявання. Калегі Сяргея Канавалава сведчаць, што ягонае затрыманне мела пад сабой асабісты канфлікт: у яго былі складаныя ўзаемаадносіны з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі Глячковым. Каб звесці рахункі, апошні паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ пра нібыта падрыхтоўку дыверсіі.
Праваабаронцы выступілі з заявай пра прызнанне палітзняволеным Сяргея Канавалава і яшчэ 10-ці чалавек, якіх вінавацяць у датычнасці да «чыгуначнай справы» – спробах перашкодзіць функцыянаванню беларускай чыгункі пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне.
«Удзел Беларусі ў незаконным ужыванні сілы Расеяй у адносінах да Украіны (шляхам прадастаўлення тэрыторыі для дыслакацыі і праходу расейскіх войскаў) парушае шматлікія міжнародна-прававыя абавязкі Беларусі (у тым ліку Дамову аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь), і яе ўнутранае заканадаўства. Пры такіх акалічнасцях беларускія грамадзяне, пазбаўленыя магчымасці ўплываць на рашэнні ўладаў звычайнымі сродкамі, вымушаны шукаць дзейсныя спосабы ўплыву, у тым ліку меры крайняй неабходнасці… Інфармацыйны рэсурс супольнасці чыгуначнікаў Беларусі заявіў, што праз умяшанне ў інфраструктуру Беларускай чыгункі па тэрыторыі Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў; такім чынам, дзеянні затрыманых аказаліся здольныя стрымліваць вядзенне агрэсіўнай вайны», – гаворыцца ў заяве.
Апрача віцябляніна Сяргея Канавалава, праваабаронцы прызналі палітвязнямі Сяргея Глебку, Дзмітрыя Равіча, Алега Малчанава, Дзяніса Дзікуна, Аляксея Шышкаўца, Сяргея Плешкуна, Юрыя Сельвіча, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава, затрыманых у іншых рэгіёнах Беларусі за пашкоджанні абсталявання чыгункі і намеры знішчыць расейскую вайсковую тэхніку.
Юліян Стамброўскі