Аўторак, 22 Жнівень 2023

Палітзняволены Дзмітрый Юртаеў працягвае пісаць вершы нават у віцебскай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дзіцячы паэт і празаік, пераможца конкурсу "Пісьменнікі — дзецям", выкладчык прыватнай школы "Смарт скул" быў накіраваны ў калонію «Віцьба», каб адбываць пакаранне, прысуджанае яму 29 красавіка 2023 г. у Мінгарсудзе. Справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч. Яна прызнала Дзмітрыя Юртаева вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы) і асудзіла да 2-х гадоў пазбаўлення волі. 24 сакавіка 2023г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.

11 ліпеня 2023 г. у Вярхоўным судзе разглядалася апеляцыйная скарга палітвязня, але суддзя Таццяна Васілевіч пакінула яе без задавальнення, а прысуд Мінгарсуда без зменаў. Дзмітрый Юртаеў быў этапаваны ў Віцебск.

Сябры і блізкія атрымалі некалькі лістоў ад Юртаева, напісаных ужо ў Віцьбе-3. Паэт працягвае пісаць вершы нават за кратамі і часам дасылае іх на волю. Таксама дзеліцца назіраннямі: «Всё течет по порядку-распорядку день за днём». Паводле зместу ягоных лістоў, Дзмітрый Юртаеў марыць зноў браць удзел у паэтычных імпэзах, як і раней, арганізоўваць іх па меры магчымасці. Часам заходзіць у царкву на тэрыторыі калоніі, каб «постоять, помолчать, подумать, глядя в глаза иконам. Задать единственный вопрос, который, возможно, и не предполагает однозначного для всех ответа. Но хоть бы намёк, хоть знак какой получить для себя».

Дзяніс Юртаеў быў затрыманы амаль год таму, 21 верасня 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Выкладчыка і паэта прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца — нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў паведамленні ў Facebook і "ВКонтакте" -- у праўладных каналах зʼявіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.

Спачатку Дзмітрыя двойчы арыштавалі паводле адміністрацыйных справаў. За пару дзён да заканчэння чарговага тэрміну супраць яго распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Пазней стала вядома, што яго таксама абвінавачваюць і за нібыта распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК).

Па матэрыялах абвінавачання, у перыяд з 11 жніўня 2020 года па 10 студзеня 2021 года Дзмітрый Юртаеў «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, наўмысна, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, выказваючы нянавісць да супрацоўнікаў сілавых структур, размясціў на сваёй старонцы ў Facebook 22 публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і сілавых органаў”. А таксама «размяшчаў тэксты пра тэхніку для разгона акцый, у падтрымку Украіны» і праглядаў "дэструктыўныя" тэлеграм-каналы.

Мікалай Карасёў